Дарадца Ціханоўскай і кіраўнік яе офіса ў Літве Дзяніс Кучынскі сустрэўся з канцлерам Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя Літвы і былым міністрам унутраных спраў Уладзіславам Кандратовічам.
«Офіс Святланы Ціханоўскай працягвае працу з літоўскімі дзяржаўнымі інстытутамі па пытаннях, якія непасрэдна закранаюць беларусаў у Літве. Мэта такога супрацоўніцтва — ператвараць кантакты і дамоўленасці ў практычныя рашэнні і магчымасці для беларускай супольнасці», – пракаментаваў сустрэчу Кучынскі.
Як паведамілі ў Офісе, падчас сустрэчы бакі абмеркавалі бяспеку БелАЭС. Незалежны маніторынг, удзел беларускіх экалагічных актывістаў і міжнародны кантроль за бяспекай станцыі застаюцца важнымі.
Таксама абмяркоўвалася сітуацыя з пераглядам спіса тэрыторый, забруджаных пасля Чарнобыльскай катастрофы ў Беларусі. У тым ліку абмяркоўваліся магчымыя наступствы для сацыяльных гарантый жыхароў населеных пунктаў, якія могуць страціць адпаведны статус.
Іншая тэма – удзел беларусаў у грамадскім жыцці Літвы: экалагічныя ініцыятывы, мясцовыя выбарчыя кампаніі і праца муніцыпалітэтаў.
Таксама было закранутае пытанне аб вадзіцельскіх правах для беларусаў. Яшчэ падчас знаходжання Кандратовіча на пасадзе кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў абмяркоўвалася магчымасць спрашчэння абмену беларускіх правоў на літоўскія. Гэта прапанова ўсё яшчэ знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі. Таксама абмяркоўвалася магчымасць здачы вадзіцельскага экзамену на беларускай мове.

