Страты ў пастаўках нафты з Персідскага заліва на фоне блакавання Армузскага праліва ўжо дасягнулі 1 млрд барэляў, або 14 млн барэляў за суткі. Пра гэта гаворыцца ў штомесячным аглядзе рынку нафты, падрыхтаваным Міжнародным энергетычным агенцтвам.
Аднак разрыў паміж попытам і прапановай мае меншыя маштабы, бо да пачатку аперацыі ЗША і Ізраіля супраць Ірана рынак быў прафіцытным. Таксама Саудаўская Аравія і ААЭ паспяхова перанакіравалі частку экспарту на альтэрнатыўныя тэрміналы. Акрамя таго, на рынак паступае нафта са стратэгічных запасаў камерцыйных і дзяржаўных арганізацый.
Сусветныя запасы нафты ў сакавіку і красавіку скараціліся на 250 млн барэляў. Акрамя таго, вытворцы з іншых рэгіёнаў павялічылі аб’ёмы здабычы. Так прагноз росту прапановы з Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі агенцтва павялічыла на 600 тыс. барэляў за суткі да 1,5 млн барэляў за суткі.
МЭА прагназуе, што сёлета сусветны попыт на нафту скароціцца на 420 тыс. барэляў за суткі ў сярэднім па годзе да 104 млн барэляў за суткі. Скарачэнне попыту ў другім квартале ацэньваецца ў 2,45 млн барэляў за суткі.
Красавіцкая прапанова нафты скарацілася на 1,8 млн барэляў за суткі і склала 95,1 млн барэляў за суткі. У параўнанні з лютым яна ўпала на 12,9 млн барэляў за суткі.
“Калі меркаваць, што патокі праз праліў паступова адновяцца з чэрвеня, прагназуецца, што сусветныя пастаўкі нафты ў сярэднім скароцяцца на 3,9 млн барэляў за суткі ў 2026 годзе, да 102,2 млн барэляў за суткі”, — гаворыцца ў справаздачы.
