Палітык Мікалай Статкевіч размясціў у сваім тг-канале фатаграфію рашэння аб прызнанні яго Facebook “экстрэмісцкімі матэрыяламі”. Яно было прынята судом Ленінскага раёна Гродна. Заяву пракуратуры разглядала суддзя Вольга Шуманская.
Як вынікае з рашэння, у ходзе агляду акаўнта Статкевіча ў Facebook выяўлены размешчаныя ў ім публікацыі са спасылкамі на інтэрнэт-рэсурсы, чыя інфармацыйная прадукцыя раней была прызнана “экстрэмісцкімі матэрыяламі”. Таксама пры аглядзе выяўлены рэпосты “экстрэмісцкіх матэрыялаў” і падпіска на “інфармацыйныя рэсурсы сацыяльнай сеткі Facebook”, якія прызнаны “экстрэмісцкімі матэрыяламі”.
Сам Мікалай Статкевіч адзначыў, што ён не карыстаўся гэтым акаўнтам амаль шэсць гадоў.
“Заўважце, я не карыстаўся гэтым акаўнтам амаль 6 гадоў. І ўсе гэтыя гады ён экстрэмісцкім не быў. Але тое, што ён такім абавязкова стане пасля майго “ўмоўнага” вызвалення, я не сумняваўся. Не стаў нават рабіць спробы аднавіць яго, бо паролі згубіліся, а аднавіць іх праз візуалізацыю было праблемна з-за маёй дастаткова кардынальнай візуальнай змены. Таму не стаў траціць час на гэта. Хаця мне ніякавата, што так і не здолеў павітацца, а цяпер ужо і развітацца з 5,6 тысячамі падпісаных на мой акаўнт. Даруйце, сябры!” – напісаў ён.
Паводле яго слоў, Facebook ён завёў у 2015 годзе пасля свайго папярэдняга вызвалення, калі пачаў актыўна карыстацца сацыяльнымі сеткамі.
Нагадаем, у Беларусі абвінавачанні ў экстрэмізме выкарыстоўваюцца ўладамі для барацьбы з Лукашэнкам і іншадумствам у цэлым.
