Euronews раскрытыкаваў рашэнне беларускіх уладаў прызнаць яго інтэрнэт-сайт «экстрэмісцкім». Рэдакцыйны дырэктар Клаўс Штрунц паведаміў, што рашэнне было прынята без паведамлення тэлеканала.
«Дзяржава, якая называе Euronews «экстрэмісцкім» і блакуе доступ да незалежнай, бесстаронняй журналістыкі, дэманструе ўласны страх перад свабоднай журналістыкай», — заявіў ён.
Паводле слоў Штрунца, рэдакцыя чакае ад беларускіх уладаў тлумачэнняў прычын такога рашэння.
«Нас не праінфармавалі пра гэтае рашэнне, і мы чакаем абгрунтавання з боку ўладаў. Наша пазіцыя застаецца нязменнай: мы падтрымліваем нашых гледачоў у Беларусі і будзем працягваць прадастаўляць аб’ектыўную, незалежную журналістыку, кіруючыся нашымі асноўнымі рэдакцыйнымі каштоўнасцямі», — дадаў ён.
Вяшчанне Euronews у Беларусі было спынена яшчэ ў 2021 годзе. Тады афіцыйнай прычынай называлася «парушэнне заканадаўства аб рэкламе». Беларуская асацыяцыя журналістаў звязвала гэтае рашэнне з абмежаваннем доступу да незалежных крыніц інфармацыі. Цяперашняе рашэнне распаўсюджвае абмежаванні і на лічбавы рэсурс тэлеканала.
Нагадаем, Міністэрства інфармацыі Беларусі ўключыла сайт Euronews у «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Адпаведнае рашэнне 4 жніўня прыняў суд Горацкага раёна Магілёўскай вобласці.
