На сайд-івенце «Мова, культура, адукацыя і медыя: нябачны фронт за Беларусь», які праходзіць у рамках канферэнцыі «Новая Беларусь», удзельнікі абмеркавалі значэнне беларускай культуры і мовы для захавання нацыянальнай ідэнтычнасці.
Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі адзначыў, што новыя policy papers — гэта не толькі аналіз бягучай сітуацыі, але і спроба паўплываць на яе. На яго думку, праца не павінна завяршацца прэзентацыяй дакументаў, а павінна працягвацца праз стварэнне кааліцый, пошук партнёраў і развіццё шырокага дыялогу.
Policy paper аб стратэгічнай ролі беларускай культуры прадставіла намесніца прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні па пытаннях культуры Ірэна Катовіч.
Паводле яе слоў, адной з галоўных пагроз для Беларусі з’яўляецца мэтанакіраванае змяненне нацыянальнай ідэнтычнасці з боку Расіі і рэжыму Лукашэнкі. Яна адзначыла, што русіфікацыя суправаджаецца рэпрэсіямі, ціскам на незалежных дзеячаў культуры і спробамі прысваення гістарычнай памяці.
«Дзяржава можа страціць дзяржаўныя межы. Але аднавіць іх яна зможа толькі тады, калі мае захаваную культурную ідэнтычнасць», — заявіла Катовіч.
Яна падкрэсліла, што культуру неабходна разглядаць не толькі як сферу, якая мае патрэбу ў падтрымцы, але і як элемент дэмакратычнай устойлівасці, нацыянальнай бяспекі і доўгатэрміновай стратэгіі ў дачыненні да Беларусі.
Паводле яе слоў, незалежная беларуская культура захоўвае здольнасць да самаарганізацыі і развіцця, а рост значэння беларускай мовы і культуры для нацыянальнай ідэнтычнасці стварае магчымасці для далейшага ўмацавання гэтага кірунку.
«Я лічу, што беларуская культура можа стаць success story. Я нават думаю, што ў беларускай культуры можа адбыцца новая беларуская хваля — і стаць феноменам не толькі беларускім, але і агульнаеўрапейскім», — заявіла яна.
Сярод прапаноў, прадстаўленых у policy paper, — пераход ад гуманітарнай падтрымкі культуры да яе сістэмнага развіцця. У прыватнасці, прапануецца стварыць беларуска-еўрапейскую платформу супрацоўніцтва, вызначыць краіны-партнёры па асобных культурных кірунках і распрацаваць доўгатэрміновую стратэгію.
