Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская заявіла, што прыцягненне кіраўніцтва Беларусі да адказнасці застаецца абсалютным прыярытэтам для дэмакратычных сіл краіны. Пра гэта яна заявіла на сённяшнім спецыяльным мерапрыемстве канферэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве, прысвечаным тэме «Роля Беларусі ў агрэсіі супраць Украіны: прыцягненне вышэйшага кіраўніцтва рэжыму Лукашэнкі да адказнасці».
«Для Аб’яднанага пераходнага кабінета, для Офіса, для ўсіх дэмакратычных сіл пытанне адказнасці — гэта абсалютны прыярытэт. Без справядлівасці ніякія змены не будуць трывалымі. Інакш мы зноў і зноў будзем хадзіць па замкнёным коле, а злачынствы будуць паўтарацца», — заявіла лідарка дэмсіл.
Яна падкрэсліла, што адказнасць павінны несці тыя, хто прымаў рашэнні, якія ператварылі Беларусь у пляцоўку для расійскай агрэсіі супраць Украіны.
«У выніку пакутуюць і беларусы, і ўкраінцы. А сама Беларусь стала закладніцай двух дыктатараў», — сказала яна.
Палітык заклікала міжнародных партнёраў падтрымаць намаганні па прыцягненні беларускіх уладаў да адказнасці, у тым ліку ў рамках Спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі супраць Украіны. Яна таксама папрасіла падтрымаць Украіну ў расследаванні незаконнага вывазу ўкраінскіх дзяцей і Літву ў справе супраць беларускіх уладаў у Міжнародным крымінальным судзе.
«З першых дзён поўнамаштабнай вайны мы паслядоўна асуджалі акт агрэсіі, збіралі доказы саўдзелу рэжыму ў вайне і даказвалі, што гэта адбывалася супраць волі беларускага народа. Беларусы сваім супрацівам паказалі, што яны стаяць на баку Украіны. Наш апошні візіт ва Украіну пацвердзіў: Украіна выразна адрознівае беларускі народ ад незаконнага рэжыму і гатовая падтрымліваць нашы ініцыятывы па прыцягненні рэжыму Лукашэнкі да адказнасці.
Мы верым у міжнароднае правасуддзе. Мы ведаем, што гэта доўгі і складаны працэс, які патрабуе доказаў, фактаў, лічбаў і часу. Але ўжо вельмі шмат зроблена, і я ўпэўненая, што мы давядзём гэтую справу да канца», — заявіла яна.
У рамках спецыяльнага мерапрыемства ўдзельнікі абмеркавалі ролю Беларусі ў забеспячэнні і садзейнічанні расійскай агрэсіі супраць Украіны, а таксама магчымыя механізмы прыцягнення да адказнасці вышэйшага палітычнага і ваеннага кіраўніцтва краіны.
Адной з мэт сустрэчы стала прадстаўленне і абмеркаванне доказаў і фактычных даных, сабраных аб уцягнутасці Беларусі ў вайну супраць Украіны. Удзельнікі таксама разгледзелі прававыя падставы для прыцягнення беларускіх службовых асоб да адказнасці ў рамках Спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі супраць Украіны.
Асобная ўвага была нададзена ўмацаванню супрацоўніцтва паміж беларускімі і ўкраінскімі ініцыятывамі па дакументаванні злачынстваў і падрыхтоўцы правераных матэрыялаў, якія ў далейшым могуць быць перададзены ў Спецыяльны трыбунал пасля пачатку яго працы.
Удзельнікі таксама абмеркавалі неабходныя юрыдычныя, інстытуцыйныя і палітычныя крокі для стварэння эфектыўных механізмаў прыцягнення вінаватых да адказнасці.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка, спікер Каардынацыйнай рады Арцём Брухан, выканаўчы дырэктар iSANS Уладзімір Кобец, прадстаўнік BELPOL Уладзімір Жыгар, пасол Украіны па асаблівых даручэннях Яраслаў Чарнагор, які адказвае за ўзаемадзеянне з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, а таксама высокапастаўленыя дыпламаты з Латвіі, Літвы і Эстоніі.


