Загінулага мігранта, знойдзенага ў Браслаўскім раёне за 50 метраў ад мяжы з Латвіяй 2 чэрвеня, звалі Ювараджа Джудэуністан (Yuvaraja Judeunistan), яму было 22 гады, і ён — грамадзянін Шры-Ланкі. Пра гэта Reform.news расказалі сваякі тамільца. Мужчына прыбыў у Беларусь яшчэ ў снежні — “для дзелавой сустрэчы”.
Пра смерць Ювараджы сваякам паведаміў сябар загінулага. Ён даслаў фота цела ў мяшку, якое не публікавалі Памежны камітэт і СК Беларусі. Сваякі звязаліся з рэдакцыяй Reform.news, бо знайшлі ў сетцы артыкул на нашым сайце. Яны прасілі высветліць, дзе знаходзіцца цела і як яго можна забраць.

Нагадаем, удзень 2 чэрвеня беларускія памежнікі ў Браслаўскім раёне на мяжы з Латвіяй выявілі цела замежнага грамадзяніна без дакументаў з цялеснымі пашкоджаннямі. На зямлі былі выяўлены сляды валачэння ад еўрапейскай памежнай агароджы, а спіраль, якая перакрывала брамку для жывёл, была дэмантаваная. Браслаўскім раённым аддзелам Следчага камітэта па гэтым факце праводзіцца праверка. Устанаўліваюцца ўсе акалічнасці здарэння.
Мяркуючы па дакументах, якімі падзяліліся сваякі, Ювараджа Джудэуністан прыбыў у Мінск самалётам 18 снежня 2025 года і проста ў аэрапорце атрымаў аднаразовую візу да 1 студзеня 2026 года. Яна абышлася яму ў 145 долараў. У Беларусь ён паляцеў, каб трапіць у ЕС.

Хадайніцтва ва УВВ ГКУ МЗС Беларусі для атрымання візы накіраваў дырэктар фірмы ТАА “Раміз Энтэрпрайзес”. Як пазначана ў дакуменце, “дзелавая сустрэча з дырэктарам ТАА “Раміз Энтэрпрайзес”, для абмену вопытам у сферы грамадскага харчавання і магчымага далейшага развіцця бізнесу на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”. Такім чынам, кампанія забяспечыла візавую падтрымку для мігранта, які жадаў нелегальна перайсці мяжу з ЕС.

Невядома, на якой падставе тамілец знаходзіўся ў Беларусі да пачатку чэрвеня 2026 года, але апошні раз ён выходзіў на сувязь па тэлефоне са сваякамі 26 мая 2026 года. Ювараджа казаў, што ўсё яшчэ знаходзіцца ў Беларусі.

Мы патэлефанавалі ў Браслаўскі раённы аддзел Следчага камітэта па даручэнні сваякоў. Там адмовіліся даць якія-небудзь падрабязнасці, але з кантэксту можна было зразумець, што хлопец на фота падобны да загінулага. Раней прэс-служба Памежнага камітэта Беларусі сцвярджала, што загінулы быў “арабскай знешнасці”.
Reform.news перадасць усю сабраную інфармацыю і кантакты сваякоў у пасольства Шры-Ланкі ў Маскве для апазнання і арганізацыі транспарціроўкі цела.