Міністэрства замежных спраў Беларусі пацвердзіла гібель двух грамадзян краіны ў выніку дарожна-транспартнага здарэння ў грузінскім Батумі, піша БелТА.
Як паведамілі ў ведамстве, ахвярамі аварыі сталі жанчына 1983 года нараджэння і мужчына 1963 года нараджэння.
«Яшчэ 12 чалавек з траўмамі сярэдняй і лёгкай ступені цяжкасці былі дастаўлены ў бальніцы», — паведамілі ў МЗС.
Нагадаем, трагедыя адбылася раніцай 25 ліпеня на скрыжаванні вуліц Горгіладзэ і Важа-Пшавела. Паводле звестак грузінскіх СМІ, сутыкнуліся турыстычны мікрааўтобус і легкавы аўтамабіль. Пасля ўдару мікрааўтобус перакуліўся, а легкавік урэзаўся ў сцяну Батумскага ўніверсітэта мастацтваў.
Паведамлялася, што ў мікрааўтобусе знаходзілася турыстычная група з Беларусі, загінулі два чалавекі, яшчэ не менш за сем атрымалі траўмы. Відавочцы паведамлялі, што сіла ўдару была настолькі вялікая, што некаторыя пасажыры выпалі з салона.
Пацярпелых даставілі ў розныя медыцынскія ўстановы Батумі, дзе ім аказваюць дапамогу.
МУС Грузіі распачало расследаванне паводле артыкула 276 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае адказнасць за парушэнне правілаў бяспекі дарожнага руху. Абставіны аварыі высвятляюцца.