Сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікавана пастанова Савета Міністраў №726 ад 15 снежня «Аб плане сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026 год».
Дакументам прадугледжана «забяспечыць безумоўнае выкананне мэтавых паказчыкаў і параметраў на 2026 год». Вызначаны кіраўнікі дзяржаўных органаў, адказныя за іх выкананне.
Устаноўлены ключавыя паказчыкі эфектыўнасці для дзяржаўных прадпрыемстваў і арганізацый. Для арганізацый з доляй дзяржавы 50% і больш імі з’яўляюцца:
- чысты прыбытак;
- рэнтабельнасць продажаў;
- зніжэнне ўзроўню выдаткаў на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі (работ, паслуг);
- экспарт тавараў і паслуг (для тых, хто вядзе знешнегандлёвую дзейнасць);
- тэмпы росту інвестыцый у асноўны капітал (для арганізацый, што рэалізуюць інвестыцыйныя праекты або тэхпераўзбраенне).
Для банкаў з доляй дзяржавы 50% і больш вызначаны тры паказчыкі:
- прыбытак;
- прырост рэшткаў тэрміновых укладаў (дэпазітаў) юрыдычных і фізічных асоб у беларускіх рублях з тэрмінам вяртання адзін год і больш;
- прырост аб’ёму прадастаўленага інвестыцыйнага фінансавання.
Асобна прапісаны паказчыкі для «Банка развіцця»:
- аб’ём фінансавання інвестыцыйных і іншых праектаў;
- падтрымка малога і сярэдняга бізнесу;
- экспартнае фінансаванне;
- фінансаванне закупкі сучаснай тэхнікі і абсталявання паводле ўказа №146 «Аб фінансаванні закупкі сучаснай тэхнікі і абсталявання».
Паказчыкі для страхавых арганізацый і Беларускай валютна-фондавай біржы таксама будуць улічвацца пры ацэнцы працы кіраўнікоў падчас атэстацыі і заключэнні кантрактаў.
Савет Міністраў рэкамендаваў таксама вызначыць для кіраўнікоў рай- і гарвыканкамаў, адміністрацый Мінска паквартальныя значэнні паказчыкаў «Намінальная налічаная сярэднемесячная заработная плата» і «Рост інвестыцый у асноўны капітал».
Пастанова змяшчае падпункт «для службовага карыстання», у якім, мяркуючы па структуры дакумента, апісаны меры па стымуляванні інвестыцыйнай актыўнасці і развіцці фінансавага рынку, а таксама падтрымцы экспарту.
Мінфіну і Мінпрацы даручана пры ўдзеле іншых ведамстваў уключыць не менш за 100 тыс. чалавек у праграму страхавання дадатковай назапашвальнай пенсіі. Мінбудархітэктуры, Мінпраму і Мінсельгасхарчу, а таксама канцэрнам трэба будзе ўкараняць элементы беражлівай вытворчасці ў падпарадкаваных арганізацыях.
Пастанова вызначае і паквартальныя паказчыкі росту ВУП і іншых параметраў:
- ВУП: I квартал — +1,2%; паўгоддзе — +1,8%; 9 месяцаў — +2,4%; за год — +2,8%.
- Рэальныя даходы насельніцтва: I квартал — +3,5%; паўгоддзе — +4%; 9 месяцаў — +4,5%; за год — +4,8%.
- Інвестыцыі ў асноўны капітал: I квартал — +3,5%; паўгоддзе — +4%; 9 месяцаў — +4,5%; за год — +4,8%.
- Экспарт тавараў і паслуг: I квартал — +1%; паўгоддзе — +2%; 9 месяцаў — +2,8%; за год — +3,7%.
- Інфляцыя: I квартал — не больш за 2,5%; паўгоддзе — не больш за 3,8%; 9 месяцаў — не больш за 4,9%; за год — не больш за 7%.