За першы сезон палявання на рысь і мядзведзя ў Беларусі было здабыта 6 рысяў. Пра гэта паведаміў старшыня Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Ігар Шуневіч, перадае БелТА.
Паводле яго сцвярджэння, гэта складае каля 10% ад выдзеленага ліміту. Шуневіч сцвярджае, што штогадовы прырост папуляцыі рысі складае каля 100–150 жывёл.
«Яе колькасць працягвае стабільна расці з года ў год, гэтая тэндэнцыя назіраецца ўжо некалькі дзесяцігоддзяў, што і паспрыяла адкрыццю сезона. Усяго было здабыта шэсць асобін, хоць штогадовы прырост папуляцыі рысі складае каля 100–150 жывёл. Такія паказчыкі не ўяўляюць пагрозы для захавання віду», — запэўніў ён.
Паводле яго слоў, папуляцыя мядзведзяў таксама працягвае павялічвацца на сотні асобін за год.
«Некалькі дзясяткаў асобін, якіх запланавана здабыць, паводле нашай ацэнкі, ніяк не ўплываюць на колькасць гэтага звера. Мы не змаглі на 100% здабыць выдзеленую колькасць. Гэта сведчыць пра тое, што няма ніякай пагрозы рэзкага скарачэння колькасці жывёл у выніку адкрыцця палявання.
Больш за тое, сёння ў дзікай прыродзе Беларусі назіраюцца даволі ўнікальныя з’явы адносна гэтага віду. Напрыклад, фіксуюцца самкі з трыма-чатырыма дзіцянятамі, што лічыцца вельмі рэдкай сітуацыяй з пункту гледжання біялогіі віду. Гэта сведчыць пра спрыяльны стан папуляцыі — адбываецца ўзнаўленне, ёсць добрая кармавая база, мінімальны паляўнічы прэсінг і няма знешніх драпежнікаў», — заявіў кіраўнік БТПР.
Рысь і мядзведзь у Беларусі маюць бінарны прыродаахоўны статус. Яны адначасова з’яўляюцца паляўнічымі і дзікімі жывёламі, аднесенымі да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Беларусі.