«Шаноўны Аляксандр Фядута, гэта ваш выбар, на якой мове пішаце свае кнігі»: у сеціве пасля выказвання Алеся Бяляцкага разгарэлася дыскусія пра беларускую мову

Артыкулы
Алесь Бяляцкі. Фота: spring96

20 красавіка ў Варшаўскім універсітэце адбылася сустрэча з Алесем Бяляцкім. Гледачы задавалі пытанні, некаторыя з іх тычыліся беларускай мовы. Развагі Алеся Бяляцкага пра расійскамоўных беларускіх аўтараў сталі падставай гарачай дыскусіі ў сеціве.

«Беларускія ўлады ігнаруюць і зневажаюць беларускую мову»

Напачатку журналіст «Еўрарадыё» спытаўся пра беларускую мову беларускіх палітыкаў, ці варта палітыкам ужываць расійскую мову, бо моладзь беларускай не разумее.

Бяляцкі наўпрост на гэтае пытанне не адказаў, бо ён не палітык, але згадаў, як у турме парушыліся яго правы, з той прычыны, што судовы працэс – насуперак канстытуцыі і яго патрабаванням – ішоў на расійскай мове.

«Я проста адмовіўся даваць паказанні, і фактычна не ўдзельнічаў у судовым працэсе, – сказаў праваабаронца. – Гэта яшчэ адно сведчанне таго, што беларускія ўлады ігнаруюць і зневажаюць беларускую мову. Яна для іх нішто. У лепшым выпадку гэта такія дэкаратыўныя лапці, якія вісяць на сцяне, каб паказаць, што глядзіце, яны ў нас ёсць. Не! Калі мы хочам, каб мова ў нас была жывая, яна павінна ва ўсіх асяродках ужывацца, ва ўсіх нюансах чалавечага і грамадскага жыцця».

«Па-руску кніжкі трэба выдаваць у Расіі»

Наступнае пытанне прагучала ад заснавальніка выдавецтва Kamunikat Яраслава Іванюка, які запытаў нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, ці лепш працягваць выдавецкую палітыку «Камуніката» і выдаваць кнігі толькі па-беларуску, ці ўсё ж варта звяртацца таксама да кніг па-расійску?

Алесь Бяляцкі адказаў:

«Безумоўна, калі мы робім штосьці для беларусаў і для беларускай культуры, мы павінны выкарыстоўваць беларускую мову, таму што гэта элемент нашай духоўнай культуры. І калі мы хочам захавацца народам на бліжэйшыя 200 гадоў, мы павінны выкарыстоўваць беларускую мову, таму што без мовы мы размыемся, нас проста расцягнуць на кавалкі. Гэта зразумелая сітуацыя. Таму абсалютна правільна: трэба выдаваць кніжкі на беларускай мове. Па-руску кніжкі трэба выдаваць у Расіі. Вось там выдаваць беларускіх пісьменнікаў па-руску».

Меркаванне Алеся Бяляцкага падтрымала і пані Эльжбета Смулкова, былая амбасадарка Польшчы ў Беларусі ў 1992-1995 гадах, якая сказала, калі беларусы не пяройдуць на родную мову ў паўсядзённым жыцці, то мова знікне, як знікла ў свой час лацінская.

«Шаноўны Аляксандр Фядута, гэта ваш выбар, на якой мове пішаце свае кнігі»: у сеціве пасля выказвання Алеся Бяляцкага разгарэлася дыскусія пра беларускую мову
Ян Маліцкі, Алесь Бяляцкі і Таццяна Нядбай на сустрэчы ў Варшаўскім універсітэце. Фота: spring96

Дзе друкавацца рускамоўнаму пісьменніку?

Яраслаў Іванюк у той жа дзень апублікаваў адказ нобелеўскага лаўрэата на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што выклікала дыскусію, якая разраслася як снежны ком.

Пачатак спрэчкам дала публікацыя Аляксандра Фядуты, які пацікавіўся, дзе тады яму друкавацца як рускамоўнаму пісьменніку.

Спадар Іванюк даў на гэта разгорнуты адказ:

«Мова для народа — гэта не толькі сродак камунікацыі, але перадусім фундамент ідэнтычнасці, «калектыўная памяць» і аснова культуры. Яна дазваляе вызначаць адметнасць супольнасці, перадаваць унікальныя традыцыі, каштоўнасці і ўласцівы ёй падыход да ўспрымання свету. Калі мова знікае, народ часта губляе сваю культурную аўтаномію. Варта дадаць да гэтага яшчэ частае выказванне Уладзіміра Арлова, «што мова здольная абараняць межы краіны не горш за армію».

Ці нехта сумняваецца ў гэтым?

Ці ж канцэпцыя «рускага міру» і вайна ва Украіне не паказалі, што значыць захоўваць і абараняць сваю мову?

Гэтая дыскусія пра мову кніг беларускіх выдавецтваў у замежжы, супала яшчэ з заклікам Міколы Статкевіча, каб падчас Радаўніцы (сёння менавіта) маліцца на магілах за сваіх блізкіх на сваёй мове. «Мы нават не звяртаемся на нашай мове да Бога ў сваіх малітвах. Што, гэта таксама страшна?» — пытае Спадар Мікола ў сваім тэлеграм-канале.

Па-расейску — чытаем далей «размаўлялі маскоўскія войскі, якія прыйшлі на нашу зямлю і знішчылі больш за палову нашага народа».

Нехта Саша Філіпенка, апраўдваючыся, чаму не піша свае кнігі на беларускай мове, прыводзіць прыклад Швейцарыі. Там жа чатыры мовы і ніхто не вызначае, якая лепшая. Seriously? Няўжо гэта адэкватнае параўнанне?

Дзевы, якія на Замкавым Пляцы ў Варшаве 28 сакавіка, калі беларусы ў сталіцы Польшчы адзначалі «Дзень Волі», абслугоўвалі стэнд аднаго з беларускіх выдавецтваў, на маю заўвагу, што давайце ўсё ж размаўляць па-беларуску, адказалі: «У Беларусі два государственных языка». Госпадзе!!! Дзяўчаты, вы сур’ёзна? Высветлілася — сур’ёзна…

Праўда, я па-расейску і чытаць не магу, і гавару так сабе. Адзін з маіх сяброў неяк прызнаўся: «Як прыемна бачыць беларуса, які прынцыпова не чытае па-руску!». Ну, калі бачу рускае «и», нешта адключаецца ў маіх мазгах. Нават на рускае «щ» так не рэагую. Іншы ўвесь час паўтарае: «Я абажаю, як ты спрабуеш мучыць русскую реч».

Шаноўны Аляксандр Фядута, гэта Ваш выбар, на якой мове пішаце свае кнігі. Дэмакратыя, вядома ж, на гэта дазваляе. Але яна — дэмакратыя — дазваляе таксама ці Нобелеўскаму лаўрэату, ці мне сказаць: «Трэба выдаваць кнігі на беларускай мове. Па-руску кнігі трэба выдаваць у Расіі. Вось там трэба выдаваць беларускіх пісьменнікаў па-руску».

Хаця рэжым у Беларусі можа за гэта аднаму з нас ануляваць беларускі пашпарт, другога прызнаць удзельнікам «экстрэмісцкага фарміравання».

Варта адзначыць, што Яраслаў Іванюк напачатку цытаваў Бяляцкага па памяці, на што звярнуў увагу Аляксандр Фядута:

«Шаноўны спадар Яраслаў! Хлусіць не трэба. Уся палеміка пачалася з таго, што Вы надрукавалі скажоную думку спадара Бяляцкага. У тым, што Вы надрукавалі спачатку, не было цалкам цытаты, а былі вырваныя з кантэксту словы: «Па-руску няхай друкуюцца ў Расеі». Не было слова «беларускія», што часткова змяняе кантэкст.

Па-другое, я не пачуў ад Вас, як ад чалавека, з якога ўсё пачалося і які справакаваў Бяляцкага і інтэрпрэтаваў ягоныя словы, дзе Вы прапануеце друкавацца мне, калі я пішу на рускай мове?».

У каментах спадар Фядута ўдакладніў, што яму прынцыпова важна друкавацца менавіта ў беларускіх выдавецтвах.

На апошняе пытанне спадар Іванюк не даў адказу, верагодна, лічыць, што ўжо ўсё патлумачыў. Аднак адказ з’явіўся у каментарах:

«Калі нейкае выдавецтва ня хоча друкаваць вашую кнігу, таму што вы Фядута альбо таму, што пішаце па-расейску, вы заўжды можаце пайсьці ў іншае альбо заснаваць сваё ўласнае.

З усёй павагай да вас, не зусім зразумела, які адказ вы хочаце пачуць? Пакуль ваш камэнтар выглядае як «расейскамоўных крыўдзяць», тады як рэчаіснасьць, дадзеная нам у, не пабаюся гэтага слова, ашчушчэніях паказвае на тое, што праблемы звычайна ў беларускамоўных аўтараў».

Pro et contra

Аргументы прыхільнікаў меркавання Алеся Бяляцкага можна выказаць у адной фразе: «Знікне мова, знікнем і мы як нацыя». Ці больш радыкальна: «Прынцыповае выкарыстанне рускай мовы ў сваёй творчасці маркер чалавека заражанага «рускім светам».

Сярод апанентаў спадара Бяляцкага прагучалі наступныя думкі.

«Беларусам руская мова таксама належыць».

«Скажу за себя – читаю на роднай мове, на рускай, на украинской . Теперь уже и на польской . И прошу, не трогайте писателя Александра Федуту – интеллектуалами не разбрасываются в цивильных обществах i kropka».

«Беларуская мова сама па сабе не дае дэкаланізацыі і дэсаветызацыі. Дэкаланізаваны і дэсаветызаваны беларус можа пісаць на любой мове і нават на рускай».

«Беларускость не ограничена беларускоязычным пространством (очень маленьким). Русский, польский, идиш тоже нельзя отбрасывать, иначе останемся в культурном смысле в три раза беднее (мягко выражаюсь, в реальность раз в шесть). А желать этого – не патриотизм, а пародия на патриотизм. Наш лучший поэт писал на польском, а самый известный прозаик – на русском (Мицкевич и Алексиевич). Их тоже не рекомендуется печатать?».

«Шаноўны Аляксандр Фядута, гэта ваш выбар, на якой мове пішаце свае кнігі»: у сеціве пасля выказвання Алеся Бяляцкага разгарэлася дыскусія пра беларускую мову
Сустрэча з Алесем Бяляцкім у Варшаўскім універсітэце. Фота: reform.news

Таццяна Нядбай: «Кніга на рускай мове сёння мае больш магчымасцяў – і выдацца, і прадацца»

Да дыскусіі далучылася старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай. Як старшыня Беларускага ПЭНа яна не лічыць магчымым дыктаваць умовы выдавецкай палітыкі для выдаўцоў – кожны тут вырашае сам, што і як выдаваць. Як мадэратарка сустрэчы яна мяркуе, што Алесь мае права на сваё меркаванне, нават калі з ім не згодныя.

Таму Таццяна Нядбай выказалася як выдаўчыня (яна заснавальніца выдавецтва «Полацкія лабірынты»).

«Як выдаўчыня стаўлю для сябе выразным прыярытэтам выданне кніг на беларускай мове. Ведаю, мае сілы абмежаваныя і не змагу зрабіць і выдаць усяго, што мусіць быць выдадзена, таму свае канечныя чалавечыя рэсурсы свядома скіроўваю на тое, што патрабуе, на маю думку, найбольшай падтрымкі. Але раблю таксама і выключэнні – і выданні на рускай мове для мяне праходзяць менавіта па лініі выключэнняў, калі яны нясуць выразную дадатковую вартасць у выглядзе грамадска значных твораў, тэмаў, з’яваў. Прыадкрываючы, што называецца, творчыя планы, скажу пра некалькі патэнцыйных выключэнняў:

– кніга «Справа Віктара Бабарыкі» Сабіны Брыло, якая выйдзе пад брэндам «Сведкі» (пры гэтым неўзабаве будзе выдадзеная і беларускамоўная версія кнігі – і так менавіта як выдаўчыня я падступалася да гэтага пытання);

– кніга Эвы Томпсан «Песняры імперыі. Расійская літаратура і каланіялізм»… Лічу для сябе вельмі нават магчымым спачатку перакласці, а потым выдаць гэтую кнігу на рускай мове. Так, я хачу, каб імперскі складнік рускай літаратуры гугліўся і каб сярод пошукавых вынікаў на «Вайну і мір» ды іншага пушкіна былі вынікі, якія б расказвалі, як расійская літаратура падтрымлівала імперскую палітыку і каланізоўвала іншых…

Не хачу рабіць выгляд, што не заўважыла засцярогі Аляксандра Фядуты адносна магчымага (не)фінансавання «пасля выказвання нобелеўскага лаўрэата». Я думаю, засцярога перабольшаная, тым не менш, адкажу і на гэта. Няма сёння наогул нейкіх адчувальных фінансавых патокаў на выданне кніг. Кожную з іх (прынамсі, у маім выпадку) падтрымліваюць часткова, на кожную кнігу даводзіцца шукаць часам па некалькі крыніц падтрымкі, складаючы як пазл магчымасць аплаціць працу над кнігай карэктарам, рэдактарам, вярстальнікам, дызайнерам і друкарам. Асобная тэма – ганарары аўтараў і перакладчыкаў. Аплата такой працы далёкая ад рынкавых расцэнак, для ўсіх тых, з кім я працую, гэта па-ранейшаму ёсць місіяй. Добра было б арганізаваць хоць нейкую сапраўды адчувальную фінансавую плынь для падтрымкі беларускай кнігі.

Персанальна я лічу кнігі рускамоўных беларускіх аўтараў часткай беларускай літаратуры (адмаўляць гэта, на мой погляд, – адмаўляць рэальнасць). Але, спадару Аляксандру, давайце «памераемся». Кніга на рускай мове сёння мае больш магчымасцяў – і выдацца (так, не ўсе беларускія выдавецтвы бяруць кнігі на рускай, але ёсць такія, якія бяруць), і прадацца (большы рынак, значна большая колькасць патэнцыйных чытачоў, большы наклад, меншы сабекошт, а ў выніку – лепшы кошт для чытача). Пры гэтым выдавецкая справа сёння немагчымая без знешняй падтрымкі. І калі мяне асабіста спыталі б, што лічу важнейшым для падтрымкі ва ўмовах недастатковага фінансавання (а яно было недастатковым заўжды, і яго ўсё менш з кожным годам), я адназначна сказала б – беларускамоўныя кнігі, бо яны ў найгоршай сітуацыі.

Ёсць і яшчэ адзін аспект, які мала абмяркоўваецца, але з’яўляецца не менш істотным за мову (і тут я пачынаю спрачацца сама з сабой): оптыка кнігі. Часам бывае, што беларускамоўны твор мае расійскую оптыку, і гэтая «Масква ў галаве» для мяне таксама праблема. І як для выдаўчыні, і як для чытачкі. Але і тут узважваю грамадскую значнасць твора, тэмы, з’явы, прымаючы рашэнне выдаваць і чытаць/дачытваць».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.