Сенат Польшчы прыняў рэзалюцыю ў пятую гадавіну зняволення Анджэя Пачобута

Галоўнае
Фото: senat.gov.pl

Сёння на 57-м пасяджэнні Сената Польшчы была аднагалосна прынята рэзалюцыя ў сувязі з пятай гадавінай утрымання пад вартай Анджэя Пачобута — журналіста, лідара польскай меншасці ў Беларусі і лаўрэата еўрапейскай прэміі імя Сахарава.

У дакуменце сенатары заклікалі беларускія ўлады неадкладна вызваліць палітвязня.

«Памятаючы пра польскую барацьбу за правы чалавека і суверэннае існаванне дзяржавы, мы выказваем поўную салідарнасць з беларускімі змагарамі за дэмакратыю і свабоду», — гаворыцца ў рэзалюцыі.

Сенат таксама нагадаў, што 30 гадоў таму ў Беларусі быў заснаваны незалежны праваабарончы цэнтр “Вясна”, і выказаў перакананне, што намаганні і ахвяра беларускіх праваабаронцаў стануць фундаментам будучай свабоднай Беларусі.

«Мы заклікаем улады ў Мінску спыніць рэпрэсіі, вызваліць усіх палітычных зняволеных і пачаць палітычны дыялог з сіламі апазіцыі ўнутры краіны і ў эміграцыі з мэтай аднаўлення міру, сацыяльнай стабільнасці і рэалізацыі еўрапейскіх і дэмакратычных памкненняў беларускага грамадства», — напісалі сенатары.

Маршалак Сената Польшчы Малгажата Кідава-Блоньска перадала рэзалюцыю лаўрэату Нобелеўскай прэміі Алесю Бяляцкаму.

У лютым 2023 года журналіста Анджэя Пачобута прыгаварылі да 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Яго прызналі вінаватым у распальванні варожасці і закліках да санкцый. Пачобут адбывае тэрмін у калоніі ў Наваполацку.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.