Сёння ў Ерэване пройдзе саміт Еўрапейскай палітычнай супольнасці.
“Мы тут, у Арменіі, каб паказаць, што Еўропа — гэта адна вялікая і шырокая сям’я. Аб’яднаная аднымі і тымі ж інтарэсамі, якая сутыкаецца з аднымі і тымі ж выклікамі.
Сёння мы будзем працаваць над апорамі еўрапейскай незалежнасці. Энергетыка. Абарона. Транспарт”, – заявіла перад пачаткам саміту старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.
Еўрапейская палітычная супольнасць – міжурадавая арганізацыя, заснаваная для палітычных і стратэгічных дыскусій пра будучыню Еўропы, прапанаваная прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам у маі 2022 года. Яна ўключае ў сябе краіны еўрапейскага кантынента, за выключэннем Беларусі і Расіі. Саміты ЕПС адбыліся ў Чэхіі, Малдове, Іспаніі, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Албаніі і Даніі.
Заўтра ў Ерэване таксама пройдзе першы двухбаковы саміт Еўрасаюз – Арменія.