Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа паводле вынікаў размовы з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым заявіў, што ЗША гатовыя адыграць канструктыўную ролю ў спыненні расійска-ўкраінскай вайны.
“Кожны раз, калі вы бачыце гэтыя маштабныя ўдары з таго ці іншага боку, гэта напамін пра тое, чаму гэта жахлівая вайна, якая доўжыцца даўжэй, чым Другая сусветная вайна, і чаму ёй трэба пакласці канец. І ЗША гатовыя і падрыхтаваныя зрабіць усё магчымае, каб спрыяць заканчэнню гэтай вайны, і, спадзяюся, у нейкі момант з’явіцца магчымасць зноў адыграць гэтую ролю”, — сказаў ён.
Рубіа таксама дапусціў пагрозу эскалацыі.
“Небяспека ва ўсіх войнах заключаецца ў тым, што па меры іх працягвання заўсёды ёсць пагроза эскалацыі, таго, што яны распаўсюдзяцца на нешта новае”, — сказаў ён.
“Моцны ўдар з аднаго боку, яшчэ больш моцны ўдар у адказ. І так усё гэта разгортваецца і працягваецца”, — дадаў дзяржсакратар.
Нагадаем, размова кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў ЗША і Расіі адбылася ў панядзелак увечары. Расійскі МЗС паведаміў, што Лаўроў паведаміў Рубіа пра планы РФ прыступіць “да сістэмных і паслядоўных удараў па размешчаных у Кіеве аб’ектах, якія выкарыстоўваюцца для патрэб УСУ, і па цэнтрах прыняцця адпаведных рашэнняў”.
“Міністр нагадаў пра дасягнутыя на найвышэйшым узроўні паводле прапановы ЗША ў Анкарыджы ў жніўні 2025 года дамоўленасці адносна ўкраінскага канфлікту і выказаў шкадаванне ў сувязі з тым, што нахрапістыя намаганні еўраэліт і кіеўскага рэжыму падрываюць названыя дамоўленасці, якія адкрывалі шлях да ўстойлівага доўгатэрміновага ўрэгулявання на аснове балансу інтарэсаў”, — гаварылася ў паведамленні расійскага МЗС.