Беларусь і КНДР рыхтуюцца да ўзаемнай адмены віз. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў. А літаральна днямі Аляксандр Лукашэнка прагаварыўся пра планы прывезці ў Беларусь рабочых з Паўночнай Карэі. Падобна, ідэальная з пункту гледжання рэжыму рабочая сіла ўжо гатовая да адпраўкі ў нашу краіну.
«Аднабаковы бязвіз»
Паводле слоў Рыжанкова, праект адпаведнага двухбаковага пагаднення з Пхеньянам аб узаемнай адмене віз ужо гатовы. Засталося ўрэгуляваць толькі некаторыя тэхнічныя моманты.
«У самы найбліжэйшы час мы яго падпішам. У мяне адбылася сустрэча з міністрам замежных спраў КНДР. З ёй мы абмеркавалі ўвесь комплекс двухбаковых адносін, у тым ліку дамовіліся аб найбліжэйшых кантактах па лініі МЗС і якраз аб падпісанні шэрагу пагадненняў, у тым ліку гэтага важнага пагаднення аб бязвізавых паездках грамадзян», – паведаміў кіраўнік МЗС.
Цікавы факт: краіны, якія маюць бязвізавы рэжым з КНДР, можна пералічыць па пальцах. З постсавецкіх дзяржаў, паводле інфармацыі рэсурсу VisaBorders, такі рэжым ёсць толькі з Кыргызстанам. Сярод іншых краін фігуруюць Дамінікана, Сейшэлы, Гаяна, Мікранезія, хоць бязвіз у іх выпадку абмежаваны перыядам ад 21 да 90 дзён і некалькіх іншых. Акрамя таго, бязвізавы рэжым з Паўночнай Карэяй прадугледжаны для так званых Палесцінскіх тэрыторый – зямель Заходняга берага ракі Іардан і сектара Газа. Відавочна, неўзабаве да гэтага пераліку дадасца і Беларусь.
Пры гэтым, мяркуючы па ўсім, гаворка ідзе пра гэткі «аднабаковы бязвіз». Як паведамляе Amnesty International, грамадзянам КНДР забаронена здзяйсняць замежныя паездкі без афіцыйнага дазволу. Яны практычна не маюць магчымасці легальна выехаць за межы краіны. Але на працу за мяжу ўлады Паўночнай Карэі сваіх грамадзян адпускаюць. Для Пхеньяна гэта – важная крыніца паступлення валюты. І гэтая практыка ўжо неаднаразова падвяргалася крытыцы з-за рабскіх умоў, у якіх вымушаныя працаваць і жыць паўночнакарэйскія гастарбайтары. Такім становішчам спраў, верагодна, і мае намер скарыстацца беларускі рэжым.
11 жніўня на нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў, падчас якой абмяркоўваліся дэмаграфічны крызіс у Беларусі і меры дзяржаўнай падтрымкі сем’яў з дзецьмі, Лукашэнка вымавіў цікавую фразу. У адрозненне ад беларускіх прапагандысцкіх рэсурсаў, якія падверглі словы палітыка рэдактуры, працытуем без купюр:
«Каб мы не зніклі як нацыя і было каму працаваць, не клікалі сюды з Узбекістана людзей, з Паўночнай Карэі, там, і гэтак далей, усё проста, як двойчы два: двое бацькоў — двое дзетак. Гэта база, як кажа моладзь», — заявіў ён.
Відэа ТГ-канала “Пул Первого”
З Узбекістана працоўныя мігранты ў нашу краіну ўжо патроху паехалі, няхай спачатку і не абышлося без інцыдэнтаў і абурэння з іх боку. Мяркуючы па словах Лукашэнкі, на працоўную міграцыю з Паўночнай Карэі ў Мінску таксама ўскладаюць надзеі. Тым больш, што абурацца чым бы там ні было работнікам з Паўночнай Карэі будзе ў разы складаней. А бязвізавы рэжым істотна спрашчае іх прыбыццё ў нашу краіну.
Умовы, блізкія да рабскіх
Яшчэ ў 2015 годзе спецыяльны дакладчык ААН Марзукі Дарусман заяўляў – паўночныя карэйцы «накіроўваюцца на працу ў многія краіны свету і працуюць ва ўмовах прымусовай працы, арганізаванай як іх уласным урадам, так і ўрадамі краін, якія іх прымаюць».
Паводле яго слоў, Пхеньян звяртаецца да экспарту сваіх рабочых, каб абысці санкцыі і зарабляць валюту. Паўночнакарэйскія ўлады атрымліваюць «чорную» заработную плату за сваіх рабочых. Саміх жа працоўных мігрантаў трымаюць у няведанні аб умовах кантрактаў, якія агаворваюцца працадаўцамі з урадам у Пхеньяне. Работнікі з КНДР зарабляюць у сярэднім 120–150 долараў у месяц, не атрымліваюць дастаткова ежы і часам вымушаныя працаваць да 20 гадзін у дзень.
У мінулым годзе ВВС выпусціла матэрыял пра тое, што тысячы паўночнакарэйцаў былі адпраўленыя на працу ў Расію, каб папоўніць недахоп рабочай сілы, выкліканы развязанай Крамлём вайной з Украінай. І працаваць ім даводзіцца ва ўмовах, блізкіх да рабскіх.
Журналіст выдання змог пагаварыць з некалькімі паўночнакарэйскімі работнікамі, якім удалося ўцячы з Расіі. Паводле іх слоў, яны вымушаныя працаваць у «жахлівых умовах», а паўночнакарэйскія ўлады ўзмацняюць кантроль, каб прадухіліць уцёкі.
Адзін з рабочых, Джын, расказаў, што пасля прыбыцця на расійскі Далёкі Усход яго з аэрапорта суправаджаў паўночнакарэйскі агент службы бяспекі, які загадаў яму ні з кім не размаўляць і ні на што не глядзець. «Знешні свет — наш вораг», — сказаў яму агент. Паводле слоў Джына, яго адразу ж адправілі на працу — на будоўлю, дзе ён працаваў больш за 18 гадзін у дзень. Усе шасцёра рабочых, з якімі размаўляў журналіст ВВС, апісалі аднолькавыя знясільваючыя працоўныя дні — пад’ём а 6-й раніцы і праца да 2-й гадзіны ночы наступнага дня. Выхадных ім давалася ўсяго два на год.
У 2024 годзе, паводле слоў супрацоўніка паўднёвакарэйскай разведкі, які размаўляў з BBC на ўмовах ананімнасці, у Расію было адпраўлена больш за 10 000 паўночнакарэйскіх рабочых. У агульнай жа складанасці Пхеньян меў намер накіраваць у РФ больш за 50 000 чалавек.
Пры гэтым варыянт з’ехаць на працу за мяжу вельмі запатрабаваны ў Паўночнай Карэі, паколькі там абяцаюць больш высокую аплату працы, чым на радзіме. Атрымаць такую магчымасць зусім не проста. Большасць рабочых едуць у надзеі вырвацца з галечы. Але большая частка заробку мігрантаў накіроўваецца наўпрост паўночнакарэйскай дзяржаве ў якасці «платы за лаяльнасць». Астатняя частка — звычайна ад 100 да 200 долараў у месяц — адзначаецца ў бухгалтарскай кнізе. Рабочыя атрымліваюць заробленыя імі грошы толькі пасля вяртання дадому — паводле слоў экспертаў, гэта новая тактыка, закліканая прадухіліць уцёкі. Для гэтага абмяжоўваецца і свабода перамяшчэнняў паўночнакарэйскіх работнікаў – месцы працы і пражывання ім дазваляецца пакідаць рэдка, толькі групамі і ў суправаджэнні.
У абыход санкцый?
Па слядах Масквы, якая актыўна выкарыстоўвае працу паўночнакарэйскіх рабочых, падобна, вырашыў пайсці і Мінск. Залатаць дэмаграфічныя дзіркі на працоўных месцах. І атрымаць замест уласнаручна выгнаных з краіны беларусаў пакорлівую рабочую сілу, якую нават кантраляваць не трэба – гэтым зоймуцца спецыяльна навучаныя паўночнакарэйскія таварышы.
Ідэальная мадэль – нават аб заработнай плаце з работнікамі дамаўляцца не трэба. Усе пытанні аператыўна вырашаюцца ў паўночнакарэйскай сталіцы. Выдаткі толькі на дастаўку, размяшчэнне і параўнальна невялікую заработную плату. Дапускаю, што нават умовы працы – а правільней сказаць, утрымання – у паўночнакарэйскіх працоўных мігрантаў у Беларусі будуць лепшыя, чым у РФ, дзе маштабы крадзяжу, самаўпраўства і беспакаранасці проста зашкальваюць. Але ўсё роўна інакш як эксплуатацыяй такую форму найму замежнай рабочай сілы называць не даводзіцца.
Абурацца ўмовамі працы такія мігранты таксама не стануць. А нават калі задумаюць – падаўленнем хваляванняў зноў жа зоймуцца іх уласныя суправаджальнікі. Ніякага галаўнога болю. Вось акурат тое, пра што марыў беларускі рэжым і яго павадыр – армія бяспраўных рабоў, якімі круці, як хочаш.
Ёсць, праўда, адно «але». У снежні 2017 года Савет Бяспекі ААН увёў чарговыя санкцыі супраць КНДР, якія прадугледжваюць поўную забарону на прыцягненне рабочых з Паўночнай Карэі. Да канца 2019 года дзяржавы, у якіх працавалі такія работнікі, былі абавязаныя адправіць іх назад на радзіму. А ўсе сумесныя кампаніі з КНДР – ліквідаваць. За рэзалюцыю тады аднагалосна прагаласавалі ўсе члены Савета Бяспекі ААН, у тым ліку і РФ.
Пасля ўвядзення санкцый Расія сапраўды пачала высылаць паўночнакарэйскіх рабочых. МУС РФ нават скараціла тэрмін знаходжання рабочых з КНДР яшчэ больш – да аднаго года замест двух. А расійскае міністэрства працы спыніла выдачу квот на наём работнікаў з КНДР.
Але вайна з Украінай унесла свае карэктывы. Паўночнакарэйскія работнікі аказаліся неабходныя для Масквы. Да таго ж у красавіку 2024 года скончыўся мандат экспертнай групы, якая ажыццяўляе нагляд за санкцыямі супраць КНДР, а Масква заблакавала падаўжэнне яе паўнамоцтваў, скарыстаўшыся сваім правам вета ў Савеце Бяспекі. Цяпер немагчыма афіцыйна праверыць, ці выконвае і ў якім аб’ёме канкрэтная краіна ўстаноўлены санкцыйны рэжым. А на словах заяўляць можна ўсё, што заўгодна.
І ўсё ж, нягледзячы на намаганні Масквы, санкцыі Савета Бяспекі ААН не адмененыя. Так што рызыка застаецца. І схаваць прыбыццё ў параўнальна невялікую Беларусь значнай колькасці паўночнакарэйскіх работнікаў будзе няпроста. Магчыма, менавіта таму БелТА прадбачліва выдаліла з прыведзенай вышэй цытаты Лукашэнкі згадку пра Паўночную Карэю.
Магчыма, пачнуць з невялікіх партый работнікаў і будуць глядзець на рэакцыю. Так што ў нейкіх аб’ёмах рабскай рабочай сіле з КНДР у Беларусі, падобна, усё ж быць. Без лішняга шуму і помпы. Пра магчымыя санкцыі бабуля яшчэ надвое сказала, а латаць дэмаграфічныя дзіркі рэжыму жыццёва неабходна. Ды і дзе яшчэ знойдзеш такіх забітых і запалоханых работнікаў, наглядчыкі да якіх ужо прыстаўленыя па ўмовах дамовы аб працаўладкаванні?
Падпішыцеся на наш тэлеграм-канал «Reform.news: Самае цікавае»
***
Меркаванні і ацэнкі аўтара могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Reform.news
