Пуцін хацеў бы весці мірныя перамовы на тэрыторыі Беларусі

Галоўнае
Владимир Путин. Скриншот видео.

Уладзімір Пуцін гатовы выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для правядзення перамоў па заканчэнні расійска-ўкраінскай вайны, «калі калісьці дойдзе справа да перамоў». Пра гэта прэзідэнт Расіі заявіў у праграме «Москва. Кремль. Путин» на тэлеканале «Россия».

Адзін з блокаў інтэрв’ю быў прысвечаны апошняй сустрэчы з Лукашэнкам на Валдаі. Прыводзім фрагмент цалкам.

Зарубін: Вельмі пільную ўвагу выклікалі вашы перамовы з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. І, вядома, часткова гэта звязана і з тым, што мы бачым, наколькі агрэсіўныя заявы ў адрас Мінска гучаць ад кіеўскага рэжыму. У многіх складваецца ўражанне, што кіеўскі рэжым спрабуе ўцягнуць Беларусь у вайну. Як вось вы лічыце, ці спрабуе ён яе ўцягнуць? І як увогуле прайшлі вашы перамовы?

Пуцін: Гэтыя ацэнкі павінен даваць прэзідэнт Беларусі. Мы з ім так падрабязна не спыняліся на гэтай тэме. Але, вядома, гэта выклікае занепакоенасць, калі гучаць нейкія грубыя вокрыкі з таго боку. Але гэта не выклікае нейкай панікі з боку прэзідэнта Лукашэнкі. Ён падыходзіць да гэтага вельмі спакойна, ураўнаважана, узважана.

Мы яму ўдзячныя за тыя намаганні, якія прыкладае Аляксандр Рыгоравіч на гэтым кірунку. Асабліва гэта датычыцца вырашэння гуманітарных пытанняў, у прыватнасці, абмену ваеннапалоннымі.

Як мы памятаем, у Мінску ж і пачыналіся калісьці перамовы ў 2022 годзе. Потым па прапанове ўкраінскага боку мы перабраліся ў Стамбул. Але ж у Мінску былі заключаны пагадненні па ўрэгуляванні ўзаемаадносін паміж Кіевам і Данецкам. На жаль, мы цяпер дакладна ведаем, што ні ўкраінскі бок, ні нашы заходнія ўдзельнікі перамоў не збіраліся выконваць гэтыя пагадненні.

Але гэта іншае пытанне. А важна тое, што Беларусь заўсёды прадастаўляла нам сваю тэрыторыю, сваю пляцоўку для вядзення перамоў. Упэўнены, што калі калісьці дойдзе справа да перамоў, мы таксама можам выкарыстаць беларускія магчымасці. Я ведаю пазіцыю Аляксандра Рыгоравіча. Ён гатовы ўсяляк падтрымліваць усё, што накіравана на вырашэнне спрэчных пытанняў мірнымі сродкамі.

Зарубін: Ну а ў цэлым прайшлі вельмі па нашай працы…

Пуцін: Так… Мы з ім размаўлялі суткі, нават крыху больш, у нефармальнай абстаноўцы. Не толькі ўдваіх, але і ўтраіх. Я запрасіў старшыню ўрада Расіі Міхаіла Уладзіміравіча Мішусціна, і мы абмяркоўвалі, перш за ўсё, вядома, пытанні эканамічнага характару, узаемадзеянне ў розных сферах: і ў энергетыцы, і ў прамысловасці, і ў іншых галінах. Гаварылі пра гуманітарнае супрацоўніцтва. Гэта была вельмі ўдалая і змястоўная паездка.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.