Прыбыцця вызваленых 13 снежня беларускіх палітвязняў у Варшаву чакаюць сёння ўначы або заўтра раніцай. Пра гэта паведамілі намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка і прадстаўніца Кабінета па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская.
Іх даставяць у Цэнтр беларускай салідарнасці па адрасе Oleandrów 6, 00-636 Warszawa. Дакладны час прыбыцця абяцаюць паведаміць адразу пасля перасячэння ўкраінска-польскай мяжы.
Прадстаўнікі АПК заклікаюць сустракаючых быць уважлівымі і далікатнымі.
«Сёння мы сустракаем людзей, якія вяртаюцца да жыцця пасля гадоў турэмна-палітычных пераследаў. Яны прайшлі вельмі цяжкі шлях, перажылі знясіленне і траўматычны досвед, наступствы якога не знікаюць у дзень вызвалення. Мы звяртаемся да беларусаў і беларусак, да журналістаў і ўсёй грамадскасці з просьбай быць уважлівымі і асцярожнымі. Важна памятаць, што сёння свята не для ўсіх: побач застаюцца сем’і, чые родныя ўсё яшчэ знаходзяцца за кратамі.
Людзям, якія выходзяць на волю, патрэбны час на аднаўленне, прастора без ціску і павага да асабістых межаў. Кожны з іх мае права сам вырашаць, калі і як гаварыць пра перажытае. Наша агульная адказнасць — сустракаць вызваленых з падтрымкай і чалавечай годнасцю», — адзначылі яны.