Продажы грузавікоў МАЗа ў Расіі працягваюць зніжацца. На гэта ўказваюць новыя даныя «Аўтастат-Інфо». Аб’ёмы мінскага завода зніжаюцца на фоне скарачэння расійскага рынку грузавікоў у цэлым.
У лістападзе, паводле звестак агенцтва, у РФ было рэалізавана 264 грузавікі беларускай маркі. Гэта на 43% менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Па выніках студзеня–лістапада продажы МАЗа скараціліся на 44% да 2859 адзінак.
Расійскі рынак у цэлым у лістападзе скараціўся на 46% да 5071 адзінкі, а за 11 месяцаў продажы знізіліся на 53% да 117,48 тыс. машын.
Лідарам рынку застаецца КамАЗ, чые продажы скараціліся на 24% да 15,9 тыс. штук. Таксама ў першай тройцы застаюцца Sitrak і Shacman, нягледзячы на тое, што яны дэманструюць самыя высокія тэмпы падзення продажаў — на 63% і 71% адпаведна.