Прэзідэнты Літвы і Чэхіі на літоўска-беларускай мяжы абмеркавалі гібрыдныя атакі і абарону ўсходняга флангу

Навіны
Фото: facebook.com/prezidentpavel

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа і прэзідэнт Чэхіі Пётр Павел, які прыбыў у Літву з дзяржаўным візітам, наведалі літоўска-беларускую мяжу на памежнай заставе ў Падварэнай.

Наўседа падкрэсліў, што ўсходняя мяжа ЕС і НАТА з’яўляецца зонай сістэматычных гібрыдных пагроз з боку расійскага і беларускага рэжымаў.

«Ужо на працягу некалькіх гадоў мы сутыкаемся з паўторнымі атакамі, якія ацэньваем як арганізаваныя і сістэмныя гібрыдныя аперацыі. Мэта гэтых аперацый — дэстабілізацыя, стварэнне перашкод і праверка нашай устойлівасці. І не толькі ў Літве, але і ва ўсім рэгіёне», — прыводзіць словы літоўскага лідара яго прэс-служба.

На заставе прэзідэнты азнаёміліся з сітуацыяй у сферы прадухілення парушэнняў паветранай прасторы Літвы і супрацьдзеяння незаконнай міграцыі.

Павел адзначыў, што ў адрозненне ад Чэхіі, акружанай саюзнікамі, Літва і Латвія стаяць на перадавой еўрапейскай бяспекі.

“У той час як Чэхія акружана саюзнікамі, Літва і Латвія знаходзяцца на перадавой лініі абароны еўрапейскай бяспекі і сутыкаюцца з гібрыдным ціскам з боку Расіі і Беларусі. Яны адчуваюць не толькі ўварванні ў паветраную прастору, але і злоўжыванні ў выглядзе нелегальнай міграцыі і масіўных дэзінфармацыйных кампаній”, — напісаў ён у Facebook.

Лідары дзвюх краін таксама сышліся ў меркаванні, што Расія застаецца доўгатэрміновай пагрозай для бяспекі Еўропы, і дамовіліся падтрымліваць умацаванне ўсходняга флангу ЕС і НАТА. Абодва прэзідэнты выказалі меркаванне, што новы бюджэт ЕС павінен адлюстроўваць узрослыя патрэбы ў сферы бяспекі, перш за ўсё для краін на ўсходняй мяжы саюза.

Візіт на мяжу адбыўся ў дзень 27-годдзя ўступлення Чэхіі ў НАТА.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.