Памежная ахова Польшчы і Аперацыйнае камандаванне відаў Узброеных сіл праінфармавалі пра чарговы залёт метэазондаў з тэрыторыі Беларусі.
«У ноч з 15 на 16 лютага 2026 года вайсковыя радыёлакацыйныя сістэмы зафіксавалі новыя аб’екты, падобныя да паветраных шароў, што ўвайшлі ў польскую паветраную прастору з боку Беларусі.
Аб’екты бесперапынна ідэнтыфікаваліся і заставаліся пад назіраннем вайсковых разведвальных сістэм. Сітуацыя была ўзята пад кантроль і не ўяўляла пагрозы для бяспекі паветранага руху або бяспекі польскіх грамадзян. Назіраныя парушэнні нашай паветранай прасторы былі аналагічныя інцыдэнтам, нядаўна зафіксаваным паблізу польска-беларускай мяжы», – гаворыцца ў паведамленні камандавання.
У Памежнай ахове адзначылі, што, верагодна, гаворка ідзе пра метэазонды кантрабандыстаў.
«Верагодна, гэта паветраныя шары кантрабандыстаў. Расследаванне працягваецца для высвятлення абставін інцыдэнту», – дадалі памежнікі.
Пакуль пра затрыманні кантрабандыстаў і выяўленне метэазондаў з кантрабандай сёння не паведамлялася.
