Польскі банк Millennium прызнаў часовае пасведчанне асобы замежніка (TZTC) у якасці дакумента, які пацвярджае асобу, паведамляе Аб’яднаны пераходны кабінет.
Банк Millennium «забяспечыць кліентам, якія прад’яўляюць часовае пасведчанне асобы замежніка (TZTC), магчымасць карыстацца банкаўскімі рахункамі ў аб’ёме, прадугледжаным пры заключэнні дамовы, уключаючы каналы электроннага банкінгу», гаворыцца ў афіцыйным адказе Камісіі фінансавага нагляду Польшчы на ліст намесніка кіраўніка АПК Паўла Латушкі.
У лісце Камісіі ад 19 лістапада 2025 года Латушка звярнуў увагу на праблемы, з якімі грамадзяне Беларусі сутыкаюцца пры карыстанні банкаўскімі паслугамі. Ён прывёў у прыклад канкрэтны выпадак, калі беларусу з часовым пасведчаннем асобы і пратэрмінаваным пашпартам адмовілі ў абслугоўванні рахунку ў банку Millennium.
Камісія заявіла, што абмеркавала з банкам сітуацыю. З 30 снежня 2025 года Millennium пачаў прызнаваць TZTC як дакумент, які пацвярджае асобу.
У сваім лісце Латушка таксама прасіў разгледзець магчымасць не блакаваць рахункі грамадзян Беларусі, чые пашпарты страцілі сілу, да моманту атрымання імі рашэння аб прадастаўленні або адмове ў дазволе на пражыванне. Было прапанавана прызнаваць у якасці дакумента, які пацвярджае статус чакання дазволу на пражыванне ў Польшчы, адпаведны штамп у пашпарце або іншы дакумент, які пацвярджае прыняцце заявы.
Камісія адказала, што праводзіць прававы аналіз і звярнулася па кансультацыі ў МУС Польшчы.
«Удзячны польскаму боку за эфектыўнае ўзаемадзеянне і канструктыўны падыход да вырашэння пытанняў, звязаных з легалізацыяй беларусаў у Польшчы. Падтрымка ў вырашэнні банкаўскіх праблем з’яўляецца важным крокам у забеспячэнні правоў беларусаў, якія вымушана знаходзяцца ў Польшчы з-за створанай у Беларусі атмасферы страху і тэрору», — заявіў Латушка.
