Кіраўнік польскай Службы вайсковай контрразведкі генерал Яраслаў Стружык у інтэрв’ю PAP раскрыў некаторыя падрабязнасці справы шпіёна з Міністэрства абароны краіны. Супрацоўнік міністэрства сярэдняга звяна быў затрыманы на пачатку месяца. Яму прад’яўлена абвінавачанне паводле артыкула за шпіянаж. Паведамлялася, што ён працаваў на адну з «усходніх» краін.
«Гэты чалавек працаваў у Міністэрстве нацыянальнай абароны з пачатку 1990-х гадоў, што сведчыць пра тое, што любы чалавек у любым узросце можа паддацца спакусе здрадзіць дзяржаве. Гэты чыноўнік працаваў у найважнейшых дэпартаментах міністэрства, займаючыся стратэгіяй, абаронным планаваннем і міжнароднай бяспекай», — заявіў Стружык.
Паводле яго слоў, падазраваны скончыў філалагічны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта. Ён працаваў у розных падраздзяленнях, у тым ліку і ва ўпраўленнях Генштаба.
«За гэтыя гады ён удзельнічаў у многіх важных канферэнцыях і выязджаў за мяжу па працы, у тым ліку на працяглыя перыяды. Такім чынам, мы маем справу з чалавекам, які за гэтыя гады пазнаёміўся з тысячамі людзей, уключаючы тых, хто займае ключавыя пасады», — дадаў ён.
Кіраўнік контрразведкі мяркуе, што затрыманы мог мець шырокія веды пра працэсы ў Міністэрстве абароны. Мужчына таксама меў доступ да сакрэтных матэрыялаў, прайшоўшы праверку контрразведкі ў 2021 годзе.
Стружык не стаў раскрываць, як доўга падазраваны мог працаваць на замежную разведку, спаслаўшыся на таямніцу следства. Ён лічыць арышт поспехам контрразведкі. Таксама ён адзначыў, што некаторыя раней заяўленыя ў прэсе падрабязнасці прыніжаюць гэты поспех. У прыватнасці, гаворка ідзе пра тое, што падазраванага выкрылі, калі ён затрымаўся на тэрыторыі Беларусі.
«У сваю чаргу, версія, якую распаўсюджваюць некаторыя парламентарыі, пра тое, што гэты спадар быў выяўлены кадравымі службамі Міністэрства нацыянальнай абароны, калі ён не вярнуўся з паездкі ў Беларусь, з’яўляецца праявай неабгрунтаванай дыскрэдытацыі гэтай справы і, перш за ўсё, непавагай да карпатлівай і шматгадовай працы маіх падначаленых, аператыўных афіцэраў і аналітыкаў, якія ўдзельнічалі ў гэтай справе», — сказаў Стружык.
Адказваючы на пытанне пра паездку падазраванага ў Беларусь, генерал адзначыў, што заканадаўства не прадугледжвае абмежаванняў на выезд з Польшчы для грамадзянскіх асоб, а затрыманы быў менавіта грамадзянскім служачым. Разам з тым ён выказаўся за ўвядзенне пэўных абмежаванняў для асоб, якія займаюць важныя пасады.
