Польшча сёлета зафіксавала больш за 100 залётаў паветраных шароў з кантрабандай

Навіны
Фото: podlaski.strazgraniczna.pl

Польшча сёлета зафіксавала больш за 100 залётаў паветраных шароў з кантрабандай. Такія даныя прывёў у эфіры RMF FM намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Чэслаў Мрочэк. З улікам аб’ёмаў цыгарэтнай кантрабанды, якая перакідваецца такім спосабам, ён бачыць у гэтым і палітычныя мэты.

“Відавочна, гэта для нас праблема. Больш за 100 выпадкаў у гэтым годзе, калі гаворка ідзе пра залёт на тэрыторыю нашай краіны. Мы асабліва супрацоўнічаем з Літвой і Латвіяй у абароне мяжы ад нелегальнай міграцыі, але і ў значнай ступені ў барацьбе з кантрабандай. І мы прыходзім да той самай высновы: маштабы кантрабанды тавараў, колькасць гэтых тавараў, якія перавозяцца гэтым метадам, як дронамі, так і паветранымі шарамі, па-ранейшаму малыя ў параўнанні з іншымі традыцыйнымі метадамі кантрабанды тавараў, у асноўным грузавікамі. Таму ў значнай ступені, ці нават у большай ступені, гэта палітычныя мэты, а не кантрабанда”, — сказаў ён.

Мрочэк адзначыў, што метэазонды запускаюць зламыснікі, але яны відавочна маюць свабоду дзеянняў і не пераследуюцца беларускімі службамі.

“Гэта азначае, як і ў выпадку з нелегальнай міграцыяй, што самі аперацыі праводзяцца крымінальным светам, але, безумоўна, у іх ёсць поўная свабода дзеянняў і падтрымка з боку расійскіх і беларускіх службаў. І тое самае з кантрабандай. Яны гэта робяць, крымінальны свет гэта робіць, але ў іх ёсць поўная свабода дзеянняў, калі гаворка ідзе пра яе ажыццяўленне”, — сказаў ён.

На думку міністра, парушэнне паветранай прасторы метэазондамі павінна ўяўляць пагрозу для паветранага руху і ў Беларусі, хоць з-за санкцый ён і абмежаваны.

“Яны гэта дапускаюць. Беларуская дзяржава дапускае падобную дзейнасць, і гэта для нас відавочна”, — сказаў ён.

У Мрочэка таксама спыталі, ці замяшаныя ў сітуацыі з паветранымі шарамі кантрабандыстаў яшчэ і расійскія службы.

“Я не магу гэтага сказаць, але беларуская дзяржава пэўна не пераследуе гэтых людзей”, — сказаў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны