Польшча дэпартавала “вора ў законе” ў Беларусь. Пра гэта паведамляюць Цэнтральнае следчае бюро паліцыі (CBŚP) і Памежная ахова Польшчы.
“У сярэдзіне лютага 2026 года супрацоўнікі CBŚP і Памежнай аховы затрымалі грамадзяніна Беларусі, які, паводле даных службаў, меў статус «вора ў законе». Мужчына быў дэпартаваны ў Беларусь, і яму быў забаронены ўезд у Шэнгенскую зону на 10 гадоў”, — гаворыцца ў паведамленні.
Сёння польскія службы апублікавалі справаздачу аб аперацыях, накіраваных супраць крымінальных аўтарытэтаў.
У маі мінулага года быў затрыманы “вор у законе”. Высветлілася, што мужчына знаходзіцца ў вышуку італьянскім судом. Раней ён меў грузінскае грамадзянства, але яно было анулявана. На дадзены момант ён знаходзіцца ў польскай турме.
У верасні 2025 года былі затрыманыя трое “вораў у законе”. Двое былі высланы з Польшчы. Адзін знаходзіцца пад вартай у чаканні дэпартацыі.
У лютым 2026 года таксама ў рамках аперацыі былі затрыманыя двое грамадзян Украіны, датычных да крымінальнага асяроддзя. Адзін заключаны пад варту па рашэнні суда ў сувязі з крымінальным абвінавачваннем. Другі знаходзіцца ў ахоўваемым цэнтры ў чаканні дэпартацыі.
Раней польскія СМІ ўжо пісалі пра затрыманне крымінальных аўтарытэтаў, аднак тады паведамлялася, што ўсе яны былі затрыманыя ў 2025 годзе.





