У Мінску затрымана маладая пара, якая падазраецца ў арганізацыі махлярскай схемы пад выглядам аказання інтым-паслуг. 21-гадовыя хлопец і дзяўчына прыцягнулі на дапамогу ШІ.
Малады чалавек выдаваў сябе за суценёра з базай дзяўчат, якія аказваюць інтымныя паслугі. У рэчаіснасці іх анкеты на сайтах знаёмстваў стварала яго дзяўчына. Для іх выкарыстоўваліся фатаграфіі жанчын з сацсетак.
“Каб зрабіць зносіны больш праўдападобнымі, аферысты выкарыстоўвалі ШІ і генеравалі відэапаведамленні — так званыя «кружочкі», у якіх нібыта сама дзяўчына выходзіла на сувязь з кліентам. За кошт гэтага перапіска выглядала пераканаўча, а ў ахвяр стваралася ўражанне, што яны сапраўды размаўляюць з рэальным чалавекам”, – распавялі ў ГУУС Мінгарвыканкама.
Калі “кліент” згаджаўся на сустрэчу, яго пераконвалі перавесці 500 рублёў у якасці закладу за «бяспеку дзяўчыны». Потым з’яўляліся іншыя патрабаванні ўнесці плату пад рознымі падставамі. Атрыманыя грошы аферысты выводзілі за мяжу з дапамогай замежных банкаўскіх карт, аформленых на знаёмага.
Следству вядома пра больш як 60 пацярпелых.
“Я разам са сваёй дзяўчынай з выкарыстаннем ананімных акаўнтаў праз мэсенджар Telegram ад імя дзяўчат прапаноўваў аказанне інтымных паслуг. Не маючы намеру аказваць ніякіх паслуг, выкрадаў у грамадзян Рэспублікі Беларусь грашовыя сродкі”, – прыводзяцца ў роліку МУС словы затрыманага.
