Памежныя службы Польшчы і Літвы паведамілі пра канфіскацыю партый беларускіх кантрабандных цыгарэт.
Як расказалі ў Надбужанскім аддзеле Памежнай аховы Польшчы, аўтамабіль, які перавозіў цыгарэты з беларускімі акцызнымі маркамі, быў спынены падчас дзяжурства ў Бяла-Падлясцы. 40-гадовы грамадзянін Польшчы перавозіў амаль 9 тыс. цыгарэт.
“Нелегальныя цыгарэты былі перапраўлены з Беларусі ў Польшчу з дапамогай метэаралагічных зондаў”, — гаворыцца ў паведамленні.
Усяго з пачатку года ў зоне адказнасці Надбужанскага атрада было зарэгістравана больш за 50 выпадкаў кантрабанды з выкарыстаннем метэазондаў. Кошт перахопленых цыгарэт ацэньваецца ў 1 млн злотых.
Літоўскія памежнікі ў Каўнасе затрымалі двух чалавек. Падчас вобшуку ў іх гаражы былі выяўлены амаль 10 тыс. пачкаў нелегальных цыгарэт, у тым ліку 3,9 тыс. пачкаў з беларускімі акцызнымі маркамі. Акрамя таго, у мужчын канфіскавалі 24,3 тыс. еўра. Узбуджана крымінальная справа.