Дарадца Святланы Ціханоўскай па палітычных пытаннях Дзяніс Кучынскі знаходзіцца ў Вашынгтоне з трохдзённым візітам. Ён сустрэўся са спецыяльным памочнікам Трампа і дырэктарам па пытаннях Еўропы Чарльзам МакЛафлінам і старэйшым дарадцам віцэ-прэзідэнта Джэй Дзі Вэнса Спіра Баласам.
Бакі абмеркавалі намаганні па вызваленні беларускіх палітвязняў, уплыў перамоўных працэсаў вакол Украіны на сітуацыю ў Беларусі, развіццё кантактаў з Украінай пасля сустрэчы Святланы Ціханоўскай і Уладзіміра Зяленскага, працяглы ціск на палітвязняў, гібрыдныя атакі рэжыму Лукашэнкі супраць Літвы і Польшчы. Таксама абмяркоўвалася працяг дамоўленасцяў, дасягнутых на сустрэчы з намеснікам дарадцы Трампа па нацыянальнай бяспецы Эндзі Бэйкерам, паведамляе Офіс Ціханоўскай.
Кучынскі адзначыў важнасць гуманітарных намаганняў па вызваленні палітвязняў дзякуючы працы Джона Коўла.
На перамовах была падкрэслена важнасць двух напрамкаў працы: гуманітарнага — для вызвалення палітвязняў, і палітычнага — для аднаўлення суверэнітэту Беларусі і запуску дэмакратычных пераўтварэнняў.
Дарадца Ціханоўскай перадаў Беламу дому праект прапановы Аб’яднанага пераходнага кабінета аб правядзенні круглага стала і аб магчымай ролі ЗША як міжнароднага медыятара ў будучых дэмакратычных пераўтварэннях у Беларусі.

