Падарунак да 219-годдзя творцы: ініцыятыва MALDZIS выкупіла 30 арыгінальных літаграфій Напалеона Орды

Культура
Фота: сайт ініцыятывы Maldzis.

Сёння, 11 лютага, калі спаўняецца 219 гадоў з дня народзінаў выдатнага мастака, кампазітара і асветніка Напалеона Орды, прыйшла добрыя навіна. Культурная ініцыятыва MALDZIS на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў выкупіла на аўкцыёне ў Польшчы калекцыю з 30 арыгінальных літаграфій майстра.

Гэта сімвалічнае вяртанне адбылося менавіта ў дзень, калі ў 1807 годзе ў вёсцы Варацэвічы Пінскага павета Напалеон Орда з’явіўся на свет, каб пазней стаць галоўным «візуалізатарам» нашай гісторыі.

Што ў калекцыі?

Набытыя працы — гэта літаграфіі 1870-х гадоў з «Альбома гістарычных відаў Рэчы Паспалітай».

19 літаграфій фіксуюць архітэктурныя помнікі Беларусі: выявы замкаў, палацаў, касцёлаў і сядзібаў у такіх гарадах і вёсках Беларусі, як Шаўры, Ліда, Крэва, Геранёны, Гейстуны, Дзевятня, Жамыслаўль, Нясвіж, Мір, Наваградак, Грушаўка, Смольгаў, Лагойск, Бялынічы, Гомель, Асвея, Камянец, Скокі, Высокае.

Астатнія 11 прац прысвечаны краявідам сучасных Літвы, Украіны і Польшчы.

Гэтыя выявы — часта адзіная магчымасць пабачыць, як выглядала наша спадчына да разбурэнняў XX стагоддзя.

Выданне альбома гістарычных відаў Рэчы Паспалітай (“Album Widokόw Historycznych Polski poświęcony Rodakom zrysowany z natury przez Napoleona Ordę”), дзе былі надрукаваныя літаграфіі, фінансаваў сам Напалеон Орда.

Усяго з 1873-га да 1883-га года выйшла з друку 8 серый гэтага альбома з 260 літаграфіямі агульным накладам звыш 1000 асобнікаў. Каля паловы арыгінальных малюнкаў, з якіх былі вырабленыя гэтыя 260 літаграфій, лічацца страчанымі.

Падарунак да 219-годдзя творцы: ініцыятыва MALDZIS выкупіла 30 арыгінальных літаграфій Напалеона Орды
Фота: сайт ініцыятывы Maldzis.
Падарунак да 219-годдзя творцы: ініцыятыва MALDZIS выкупіла 30 арыгінальных літаграфій Напалеона Орды
Фота: сайт ініцыятывы Maldzis.

Мецэнацтва як форма памяці

Вяртанне калекцыі стала магчымым дзякуючы супольнаму ўкладу беларусаў: Паўла Царова, Ганны Краўчанкі, Ягора Яцука, Дар’і Сліж, Андрэя Грабоўскага, Юрыя К. і ананімнай мецэнаткі.

«Дзякуючы літагарафіям Напалеона Орды мы маем уяўленне, як у другой палове XIX стагоддзя выглядалі палацы і сядзібы, большасці з якіх у наступным стагоддзі было наканавана знікнуць», — адзначае кіраўнік ініцыятывы MALDZIS Павел Мацукевіч.

Падарунак да 219-годдзя творцы: ініцыятыва MALDZIS выкупіла 30 арыгінальных літаграфій Напалеона Орды
Фота: сайт ініцыятывы Maldzis.

«Напалеон Орда стварыў візуальны код нашай краіны. Ягоныя працы — гэта і доказ нашай велічы, і праектная дакументацыя для будучага аднаўлення спадчыны», — кажа апякун ініцыятывы Рыгор Астапеня.

У будучыні калекцыя будзе перададзена ў Музей Напалеона Орды ў Варацэвічах, дзе пакуль захоўваецца толькі адна арыгінальная літаграфія. Да таго часу працы будуць выстаўляцца за мяжой.

Першая магчымасць пабачыць набытыя рарытэты будзе ў Варшаве: выстава «Беларусь Напалеона Орды» пройдзе ў Музеі Вольнай Беларусі з 28 лютага да 8 сакавіка 2026 года.

Напалеон Орда (1807–1883) — знакавая постаць беларускай культуры, чый лёс быў шчыльна звязаны з нацыянальна-вызваленчым рухам. За ўдзел у паўстанні 1830–1831 гадоў ён быў вымушаны эміграваць у Парыж, дзе кіраваў Італьянскай операй і музіцыраваў разам з Фрэдэрыкам Шапэнам і Адамам Міцкевічам. Вярнуўшыся па амністыі на радзіму, мастак сутыкнуўся з канфіскацыяй маёнтка і пераследам, але прысвяціў рэшту жыцця стварэнню візуальнага летапісу Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны.

Яго мастацкая спадчына налічвае больш за 1150 прац, якія сталі сапраўднымі «пашпартамі» страчанай архітэктуры: дзве траціны зафіксаваных ім палацаў і сядзібаў сёння ўжо не існуюць. Акрамя малявання, Орда быў выдатным кампазітарам і тэарэтыкам музыкі, чый падручнік «Граматыка музыкі» дзесяцігоддзямі лічыўся найлепшым у Еўропе. Сённяшні выкуп яго літаграфій менавіта ў дзень народзінаў майстра — гэта найлепшае вяртанне творцы ў актуальны культурны кантэкст.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны