Пачобут ацаніў перспектывы пацяплення адносін Лукашэнкі і ЗША

Галоўнае
Скриншот видео

Пацяпленне адносін Аляксандра Лукашэнкі з ЗША і Захадам у цэлым нельга выключаць, але магчымасцяў для нармалізацыі мала, пакуль працягваецца расійска-ўкраінская вайна. Такое меркаванне ў інтэрв’ю RMF FM выказаў былы палітвязень, журналіст, адзін з лідараў польскай меншасці Анджэй Пачобут. Паводле яго слоў, у будучых раўндах перамоваў амерыканскі бок можа весці гаворку не толькі пра вызваленне палітвязняў, але і пра нармалізацыю сітуацыі ўнутры Беларусі.

“Магчыма ўсё. Справа ў тым, што ўсё зноў жа залежыць ад таго, як будзе развівацца сітуацыя ва Украіне. Таму што пакуль працягваецца вайна, магчымасці для пацяплення адносін, для нармалізацыі адносін, вельмі абмежаваныя. Пакуль сітуацыя такая, што, як і абмен палоннымі, гэта не аказала ніякага ўплыву на ўзровень страху ў беларускім грамадстве, таму што арышты ўсё яшчэ працягваюцца.

І я разумею, што, магчыма, цяпер падчас гэтага раўнда перамоваў будзе зроблена спроба — гэта мой, так бы мовіць, прагноз, — проста дамагчыся сітуацыі, пры якой сітуацыя ў Беларусі не пагаршаецца. То-бок спыніць рэпрэсіі ўнутры Беларусі, каб сітуацыя ўнутры краіны… Гаворка ідзе ўжо не пра лёс асобных людзей, а пра сітуацыю ўнутры краіны… каб яна нармалізавалася і супакоілася“, — сказаў ён.

Разам з тым Анджэй Пачобут скептычна ставіцца да ідэі вырваць Беларусь і рэжым Лукашэнкі з-пад кантролю Пуціна.

“Ну, на мой погляд, гэта ніколі не было рэалістычным сцэнарыем. Справа ў тым, што ў Аляксандра Лукашэнкі ёсць пэўныя погляды, і гэтыя погляды вельмі цесна звязаныя з Расіяй. Аляксандр Лукашэнка кажа, што Масква — яго сталіца. Ён кажа, што беларусы — гэта рускія са знакам якасці, і гэтак далей”, — сказаў ён.

На яго думку, Лукашэнка прытрымліваецца ідэалогіі заходнерусізму і трыадзінага народа. Гэта яго свядомы выбар, што разам з моцнай эканамічнай залежнасцю выключае радыкальны паварот.

“І, на мой погляд, гэта было б нерэалістычна. Калі гаворка ідзе пра паляпшэнне адносін, супакаенне адносін з Захадам, каб не было такой напружанасці з Захадам, гэта магчыма, было магчыма тады і магчыма цяпер”, — дадаў ён.

Пачобут таксама адзначыў, што ў Беларусі ёсць шанец дамагчыся сапраўднай незалежнасці ад Расіі ў выпадку буйной паразы Масквы, калі яна будзе занятая ўнутранымі праблемамі. На яго думку, так было пры распадзе Расійскай імперыі і пры распадзе СССР.

“І калі такія праблемы ўзнікнуць, у Беларусі зноў з’явіцца шанец дамагчыся сапраўднай незалежнасці. Калі ж гэтага не адбудзецца, то, на жаль, я песіміст, і, на мой погляд, гэтая залежнасць ад Расіі захаваецца”, — сказаў ён.

У інтэрв’ю Анджэй Пачобут у чарговы раз пацвердзіў, што збіраецца вярнуцца ў Беларусь. Паводле яго слоў, адпаведныя запэўненні ён атрымаў падчас абмену. Яму таксама зачыталі распараджэнне Лукашэнкі аб яго памілаванні. Таму фармальных падстаў для яго затрымання пры вяртанні ў Беларусь няма, аднак ён не выключае любога сцэнару.

“У адрозненне ад пераважнай большасці палітычных зняволеных, вывезеных з Беларусі, у мяне беларускі пашпарт. Па-першае. Па-другое, мяне памілаваў Лукашэнка, хоць я не падаваў заявы, не прасіў аб памілаванні, не прызнаваў гэтага, але мяне памілавалі, пра што мне паведамілі.

І працэдура нават была знятая супрацоўнікамі, якія зачытвалі мне ўказ Лукашэнкі, так што фармальна няма падстаў саджаць мяне ў турму. Але, ведаеце, заўсёды ёсць рызыка, і я гатовы пайсці на гэтую рызыку. Справа ў тым, што маё месца ў Беларусі. Маё месца сярод актывістаў Саюза палякаў. Сітуацыя там няпростая, і я веру, што мая прысутнасць у Беларусі будзе вельмі карыснай. Гэта дапаможа, гэта дапаможа Саюзу палякаў”, — распавёў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.