Гомельская транспартная пракуратура адсправаздачылася аб праверцы аб’ектаў гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі. Падставай для рэйду стала смяротная траўма, атрыманая работнікам БЧ у студзені гэтага года. Ён знаходзіўся на працоўным месцы ў стане алкагольнага ап’янення.
Падчас праверкі пракуроры наведалі станцыі Васілевічы, Барбараў, Мазыр, Мазыр-Пасажырскі і іншыя. Да яе таксама прыцягнулі кіналагічную службу мытні.
“З удзелам кіналагічнай службы мытні абследаваны вытворчыя і службовыя памяшканні, у тым ліку распранальні, — новых фактаў знаходжання работнікаў прадпрыемства ў стане ап’янення, а таксама алкагольных напояў не ўстаноўлена”, — гаворыцца ў паведамленні.
Разам з тым, мяркуючы па яго тэксце, з “пустымі рукамі”, не выявіўшы парушэнняў, пракуроры сысці не маглі.
“У прыватнасці, на чыгуначнай станцыі Мазыр пасажырская платформа не была ачышчана ад снегу і наледзі. Выяўлены недахопы пры арганізацыі раздзельнага збору адходаў. На аўтадарозе Зашчэб’е – Васілевічы знайшлі небяспечны ўчастак: месца перасячэння з магістральнымі трубаправодамі ААТ «Гомельтранснафта Дружба» і УП «Запад-Транснефтепродукт» не было абсталявана дарожнымі знакамі, што забараняюць спыненне транспартных сродкаў”, — расказалі ў пракуратуры.
Па выніках праверкі былі вынесены прадпісанні.
