Офіс генеральнага пракурора Украіны пацвердзіў атрыманне звароту з Офіса прэзідэнта аб магчымасці ўзбуджэння крымінальнай справы ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта паведаміла кіраўніца ўпраўлення інфармацыйнай палітыкі і камунікацый Офіса генпракурора Мар’яна Гаёўская-Каўбасюк, піша «Укрінформ».
Паводле яе слоў, зварот быў зарэгістраваны 30 ліпеня 2026 года. У цяперашні час дакумент знаходзіцца на разглядзе.
«Па выніках яго разгляду заяўнікі будуць паведамленыя ва ўстаноўленым законам парадку», — адзначыла яна.
На дадзены момант ведамства не ўзбуджала ніякіх крымінальных спраў супраць Лукашэнкі.
Нагадаем, днямі паведамлялася, што Офіс прэзідэнта Украіны перадаў у генпракуратуру зварот Форуму дэмакратычных сіл Беларусі з просьбай узбудзіць крымінальную справу ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі. Заснаваны Валерыем Цапкалам Форум прасіў даць прававую ацэнку дзеянням Лукашэнкі «ў сувязі з яго роляй у падтрымцы расійскай агрэсіі супраць Украіны, выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі для ўварвання расійскіх войскаў і інш.».
Аўтары звароту прасілі разгледзець пытанне аб адкрыцці крымінальнай вытворчасці паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса Украіны, у тым ліку тых, што прадугледжваюць адказнасць за вядзенне агрэсіўнай вайны, ваенныя злачынствы, фінансаванне тэрарызму, замах на тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, прапаганду вайны і генацыд.
Падчас візіту ў Кіеў у студзені 2026 года Святлана Ціханоўская абмяркоўвала з Уладзімірам Зяленскім магчымасць прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці, у тым ліку за вываз украінскіх дзяцей.
