Пад Расонамі на злёце руху Rainbow Family былі затрыманыя 68 замежнікаў — 1 грамадзянін Ізраіля і 67 грамадзян Расіі, паведаміла раённае выданне «Гарадоцкі веснік».
Усяго, паводле інфармацыі выдання, у лясным лагеры знаходзіліся 277 чалавек, у тым ліку 26 непаўналетніх. Іх затрымлівалі больш за 100 супрацоўнікаў міліцыі, уключаючы 89 амапаўцаў. Усіх затрыманых даставілі ў раённы дом культуры, а дзяцей разам з бацькамі — у ФАК «Старт».
На ўдзельнікаў злёту ўжо складзена каля 70 адміністрацыйных пратаколаў паводле артыкулаў аб парушэнні парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў (арт. 24.23 КаАП) і распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП).
Прапаганда сцвярджае, што ўдзельнікі дапусцілі яшчэ «серыю іншых грубых парушэнняў»: напрыклад, самавольна ўсталявалі палаткі і прыпаркавалі машыны на беразе возера Белае — на ахоўнай прыроднай тэрыторыі, а таксама распальвалі вогнішчы ў пажаранебяспечны перыяд.
Выданне сцвярджае, што арганізатары злёту — адміністратары адпаведнага тэлеграм-чата.
Адзін з іх — 52-гадовы мінчанін Аляксандр Жораў, якога затрымлівалі паводле адміністрацыйнага артыкула за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе. Таксама сцвярджаецца, што ён знаходзіцца ў базах сілавікоў як «асоба, датычная да фінансавання пратэснай дзейнасці».
Другі адміністратар — 20-гадовая Аліса Кухта з Гродна, якая працуе ў школе.
Нагадаем, напярэдадні стала вядома пра масавае затрыманне ўдзельнікаў штогадовага злёту Rainbow Family ў Россонскім раёне Віцебскай вобласці.
У МУС заявілі, што праверка была праведзена пасля паведамлення пра шумнае мерапрыемства на беразе возера з вялікай колькасцю людзей. Паводле інфармацыі ведамства, на месцы быў выяўлены палаткавы лагер, сярод удзельнікаў знаходзіліся замежнікі і непаўналетнія. Паведамлялася пра затрыманне арганізатараў мерапрыемства — 23-гадовай дзяўчыны і 52-гадовага мужчыны з Мінска.
