Ва Украіне па запыце ЗША затрымалі грамадзяніна Беларусі. Як мінімум да 9 верасня ён будзе знаходзіцца пад экстрадыцыйным арыштам у Кіеўскім следчым ізалятары, паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на крыніцы.
Беларуса затрымалі супрацоўнікі СБУ 7 ліпеня ў вёсцы Вішанькі Барыспальскага раёна Кіеўскай вобласці, дзе ён пражываў.
Падставай для затрымання стаў запыт ЗША аб яго арышце «як асобы, якую хочуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці за злачынствы, звязаныя з удзелам у распаўсюдзе шкоднасных рэкламных аб’яў, якія выкарыстоўваюцца для кіберзлачыннай дзейнасці».
Ордэр на арышт быў выдадзены адным з акруговых судоў ЗША 10 чэрвеня 2025 года. У ЗША яго падазраюць паводле артыкулаў 371, 1343, 1349 і 3559(g) (змова з мэтай здзяйснення махлярства з выкарыстаннем электронных сродкаў сувязі і камп’ютарных прылад, а таксама непасрэднае здзяйсненне такога махлярства). Беларусу інкрымінуюць злачынствы, учыненыя з кастрычніка 2013 года па красавік 2023 года.
