Каардынацыйная рада прыняла рэзалюцыю аб круглым стале ў Беларусі

Галоўнае
Фото: Reform.by

Каардынацыйная рада прыняла рэзалюцыю «Аб Круглым стале па пераадоленні палітычнага крызісу і ўмацаванні незалежнасці Рэспублікі Беларусь». Ініцыятарам падрыхтоўкі рэзалюцыі выступіла фракцыя «Латушка і Рух «За Свабоду».

За рэзалюцыю прагаласавалі 60 дэлегатаў КР, супраць — два. Устрымаліся дзевяць чалавек, паведамляе прэс-служба КР.

Рэзалюцыя прызнае наяўнасць у Беларусі зацяжнога глыбокага і сістэмнага ўнутрыпалітычнага крызісу, які, у тым ліку, уплывае на міжнародны імідж Беларусі і яе здольнасць да збалансаванага супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі. Таксама адзначаецца, што найвышэйшай каштоўнасцю з’яўляюцца дзяржаўны суверэнітэт і незалежнасць Беларусі.

У прынятай рэзалюцыі Каардынацыйная рада пастанавіла падтрымаць ідэю правядзення круглага стала з удзелам дэмакратычных інстытутаў — Каардынацыйнай рады, Аб’яднанага пераходнага кабінета, Офіса Святланы Ціханоўскай і прадстаўнікоў органаў улады Беларусі, якія ажыццяўляюць фактычны кантроль над краінай, — для выхаду з крызісу і ўмацавання незалежнасці Беларусі.

У дакуменце таксама адзначаецца, што магчымыя мірныя перамовы па завяршэнні расійска-ўкраінскай вайны могуць стварыць новыя ўмовы для фарміравання доўгатэрміновай архітэктуры бяспекі ў рэгіёне Усходняй Еўропы, а таксама адкрыць акно магчымасцяў для ўмацавання суверэнітэту і міжнароднай суб’ектнасці Беларусі. Рэзалюцыя заклікае прадстаўнікоў органаў улады Беларусі, якія ажыццяўляюць фактычны кантроль над краінай, уступіць у камунікацыю для абмеркавання магчымасці правядзення круглага стала.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.