31 ліпеня часовы павераны ў справах Вялікабрытаніі ў Беларусі Уільям Лонгхерст уручыў копіі даверчых грамат міністру замежных спраў Беларусі Максіму Рыжанкову.
Лонгхерст і Рыжанкоў абмеркавалі стан і перспектывы развіцця супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Вялікабрытаніяй.
«Сустрэча прайшла ў атмасферы даверу і ўзаемаразумення», — заяўляе МЗС Беларусі.
Да Лонгхерста пасаду часовага паверанага займаў Дэвід Уорд.
Уільям Лонгхерст мае больш за 35 гадоў досведу дыпламатычнай службы. Ён працаваў у пасольствах Вялікабрытаніі ў Японіі, Паўднёвай Карэі, Камбоджы, Сербіі, Швейцарыі, а таксама ў Пастаянным прадстаўніцтве Вялікабрытаніі пры ААН у Нью-Ёрку.
У 2019–2024 гадах ён займаў пасаду намесніка кіраўніка місіі ў пасольстве Вялікабрытаніі ў Швейцарыі, а таксама быў генеральным консулам Злучанага Каралеўства ў Швейцарыі і Ліхтэнштэйне.
У цяперашні час Вялікабрытанія не мае пасла ў Беларусі.
