У ноч на 1 жніўня Расія нанесла масіраваны ракетна-дронавы ўдар па Украіне. Асноўнай мэтай атакі сталі Кіеў і Кіеўская вобласць. Паводле апошніх даных, у сталіцы загінулі 9 чалавек, дзясяткі атрымалі раненні, паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Паводле яго слоў, у Кіеве пашкоджаныя 18 жылых дамоў, школа, будынак пасольства Літвы і аб’екты інфраструктуры. У выніку ўдараў у сямі раёнах горада ўзніклі пажары.
Акрамя Кіева і Кіеўскай вобласці, пад удар трапілі Днепрапятроўская, Сумская, Харкаўская і Палтаўская вобласці.
Паводле даных Паветраных сіл Украіны, з вечара 31 ліпеня расійскія войскі ўжылі 220 сродкаў паветранага нападу: 35 ракет розных тыпаў і 185 беспілотнікаў. Сярод іх — 27 балістычных ракет, 4 супрацькарабельныя ракеты, а таксама крылатыя і кіраваныя авіяцыйныя ракеты.
Паводле папярэдняй інфармацыі вайскоўцаў, сіламі супрацьпаветранай абароны былі збітыя або падаўленыя дзве ракеты і 154 беспілотнікі.
Зафіксаваныя трапленні 26 балістычных і чатырох супрацькарабельных ракет, а таксама 23 ударных беспілотнікаў па 21 аб’екце. Яшчэ 3 ракеты не дасягнулі сваіх мэт.
«Толькі адну балістычную ракету сёння ўначы ўдалося збіць проста таму, што няма ракет для „Пэтрыётаў“. І менавіта такі дэфіцыт сродкаў перахопу балістычных ракет толькі заахвочвае Расію наносіць такія ўдары, якія пагражаюць жыццю людзей.
Вельмі важна, каб партнёры пачулі: гэтыя сродкі патрэбныя не дзесьці на складах на выпадак магчымых сцэнарыяў, а тут і цяпер, каб расійскую вайну можна было стрымаць і спыніць ва Украіне. Кожны пакет з супрацьракетнай сістэмай ратуе жыцці нашых людзей. І кожная ноч, калі яе няма, прыводзіць да ахвяр», — падкрэсліў Зяленскі.






