Дырэктар Гётэ-інстытута ва Украіне Фабіян Мюльталер, адпрацаваўшы 6 гадоў на гэтай пасадзе, перадаў пост свайму наступніку. Новым дырэктарам стаў Якаб Рачэк.
Сімвалічны акт перадачы паўнамоцтваў адбыўся падчас Sommerfest.
Якаб Рачэк узначальваў Гётэ-інстытут у Мінску з 2018 па 2022 год. Гэты перыяд быў вельмі няпросты: ён супаў з пандэміяй ковіду, а пасля з глыбокім палітычным крызісам у Беларусі і наступным закрыццём інстытута.
Тым не менш яго каманда рэалізавала шэраг важных ініцыятыў. Напрыклад, падчас пандэміі інстытут ініцыяваў адкрытыя лічбавыя лекцыі. Інстытут актыўна фінансаваў праекты, звязаныя з тэатрам, мастацтвам, гарадской прасторай, развіццём крэатыўных індустрый у рэгіёнах Беларусі і інклюзіўным мастацтвам.
У чэрвені 2021 года Міністэрства замежных спраў Германіі заявіла, што Беларусь запатрабавала ад Інстытута Гётэ і Германскай службы акадэмічных абменаў спыніць сваю дзейнасць на працягу аднаго месяца.
Інстытут прыпыніў сваю дзейнасць у Беларусі з 30 ліпеня 2021 года, згарнуўшы свае моўныя, адукацыйныя і культурныя праекты ў краіне і закрыўшы бібліятэку. Якаб Рачэк займаўся гэтым працэсам закрыцця і ліквідацыі праграм Мінскага філіяла. Пасля ад’езду з Беларусі ён заняў пасаду кіраўніка аддзела інфармацыі ў штаб-кватэры Інстытута Гётэ ў Мюнхене.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
