Новая Зеландыя сёння пашырыла свае санкцыі, уведзеныя супраць Расіі з-за яе ўварвання ва Украіну.
У санкцыйныя спісы трапіла ў тым ліку беларускае ААТ “Алевкурп”. Дадзенае прадпрыемства ўваходзіць у сістэму Дзяржкамваенпрама. Яно спецыялізуецца на выкананні НДВКР па распрацоўцы і мадэрнізацыі, а таксама па стварэнні новых радыёлакацыйных сістэм, найноўшых тэхналогій лічбавай апрацоўкі сігналаў і інфармацыі ў рэальным маштабе часу, а таксама тэхнікі СВЧ і прамежкавай частаты. У прыватнасці, “Алевкурп” праводзіць мадэрнізацыю старых савецкіх ЗРК.
Новая Зеландыя таксама ўвяла санкцыі ў дачыненні да шэрагу расійскіх прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу, крыптавалютнай біржы Garantex і яе кіраўніцтва, іранскага вытворцы беспілотнікаў Qods Aviation Industries і яго кіраўнікоў, дзвюх паўночнакарэйскіх кампаній Sobaeksu United Corp і Korea Ryonbong General Corporation. У пераліку з’явілася больш за дзесяць супрацоўнікаў ГРУ.
Яшчэ адна санкцыйная мера — зніжэнне столі цэн на расійскую нафту да 44,1 долара за барэль. Раней такі ўзровень усталяваў Еўрасаюз. Таксама ўведзены санкцыі ў дачыненні да 100 суднаў так званага ценявога флоту.
