Камітэт дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці праверыў 18 прыватных суб’ектаў гаспадарання і выявіў парушэнні ў 5 з іх. Прадпрымальнікі неправамерна скарысталіся льготамі па ўплаце ўтылізацыйнага збору пры ўвозе грузавога аўтатранспарту ў 2025 годзе.
У ведамстве нагадаў, што льготы прадастаўляюцца перавозчыкам для абнаўлення парку грузавых аўтамабіляў і стымулявання экспартных перавозак. Абавязковая ўмова — выкарыстанне ўвезенага транспарту выключна ў міжнародных перавозках на працягу года пасля ўвозу. Парушальнікі ж выкарыстоўвалі аўтамабілі і ва ўнутраных перавозках.
Памер неправамерна атрыманых льгот склаў амаль 300 тысяч рублёў. Паводле рэкамендацый КДК частка сумы ўжо пералічана парушальнікамі ў бюджэт, спагнанне астатняй знаходзіцца на кантролі.
