Прадстаўнікі Парка высокіх тэхналогій прынялі ўдзел у працы беларуска-аманскага камітэта па супрацоўніцтве, пасяджэнне якога адбылося днямі.
Як паведамілі ў прэс-службе ПВТ, начальніца сакратарыята Наглядальнага савета ПВТ Ганна Рабава расказала пра развіццё айчыннай IT-галіны, а таксама пра стан і перспектывы супрацоўніцтва з Аманам па лініі высокіх тэхналогій.
«Мы актыўна заняліся фарміраваннем нацыянальнай стартап-экасістэмы — па сутнасці, вырошчваннем маладых аднарогаў. Гэта сур’ёзная цікавасць для інвестараў з усяго свету. Аман гэта таксама цэніць і развівае. І мы сапраўды хочам і прэзентаваць нашы кампаніі, і паглядзець, як ствараць новыя высокамаржынальныя гісторыі, у тым ліку з пункту гледжання інвестыцый», — цытуе яе прэс-служба ПВТ.
Паводле яе слоў, рэзідэнты парка гатовы прапаноўваць Аману комплексныя лічбавыя прадукты і працаваць над стварэннем рашэнняў, якія будуць адпавядаць самым высокім міжнародным стандартам.
У рамках візіту Рабава таксама сустрэлася з гендырэктарам Міністэрства транспарту, сувязі і інфармацыйных тэхналогій Амана Сімай Алкаабі. Адзначаецца, што аманскі бок праявіў цікавасць да беларускага досведу.
“У фокусе ўвагі — кампетэнцыі і распрацоўкі рэзідэнтаў ПВТ у сферах «разумнага горада» (лічбавізацыя гарадской інфраструктуры, кіраванне транспартам, бяспека гарадскога асяроддзя) і кібербяспекі (абарона крытычнай інфраструктуры, бяспечныя камунікацыі). Бакі абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва і магчымасці рэалізацыі праектаў з удзелам кампаній-рэзідэнтаў ПВТ”, — расказалі ў прэс-службе.
Таксама прайшла сустрэча з кіраўніцтвам ITHCA Group. У рамках беларуска-аманскага бізнес-форуму рэзідэнты ПВТ прадставілі свае прадукты.
Кампанія «СТіМ-тэхна» паказала вэб-платформу для паспартызацыі дарог, кіравання дарожным рухам і аналітыкі транспартных патокаў з выкарыстаннем тэхналогій штучнага інтэлекту.
Прадстаўнікі «ІнДэв Солюшэнс» прэзентавалі рашэнні ў сферы электроннага ўрада, нацыянальнай бяспекі, транспарту, фінтэху і інфармацыйнай бяспекі, прапаноўваючы поўны цыкл распрацоўкі — ад праектавання да ўкаранення абароненых сістэм.
АДА «ЭНЭКА» прадставіла ўласны падыход да ўкаранення BIM у будаўніцтва, які дазваляе хутка атрымаць перавагі лічбавага праектавання без значных інвестыцый, а таксама ІІ-рашэнне па аўтаматызацыі афармлення чарцяжоў, што істотна скарачае працазатраты.
