Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа сустрэўся з лаўрэатам Нобелеўскай прэміі, праваабаронцам, былым палітвязнем Алесем Бяляцкім 15 снежня, паведамляе прэс-служба літоўскага прэзідэнта.
«З вялікай палёгкай мы ўспрынялі вестку пра тое, што пасля доўгіх гадоў несправядлівага зняволення Вы нарэшце на волі. Ваша стойкасць, маральная сіла і непахісная адданасць чалавечай годнасці — нават у самыя цёмныя часы — натхняюць нас усіх», — заявіў Наўседа.
Наўседа падкрэсліў, што Літва працягне падтрымліваць намаганні ЗША па вызваленні ўсіх палітвязняў у Беларусі. Наўседа заявіў, што Беларусь павінна спыніць рэпрэсіі і падтрымку Расіі ў вайне супраць Украіны.
«Мы таксама паслядоўна падкрэсліваем, што беларускі рэжым павінен спыніць усе палітычныя рэпрэсіі і не пачынаць новых, што ў Беларусі павінны быць праведзены дэмакратычныя, свабодныя і сумленныя выбары, а таксама што павінна быць спынена любая падтрымка рэжымам Лукашэнкі агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны», — заявіў прэзідэнт Літвы.
Наўседа таксама адзначыў, што, уладкоўваючы гібрыдныя атакі з выкарыстаннем метэазондаў, рэжым Лукашэнкі спрабуе выйсці з міжнароднай ізаляцыі, атрымаць легітымнасць і пазбегнуць санкцый. Ён падкрэсліў, што Літва не паддасца шантажу і працягне падтрымліваць дэмакратычную апазіцыю Беларусі.
Алесь Бяляцкі быў прысуджаны да 10 гадоў калоніі. Ён быў сярод 123 палітвязняў, «памілаваных» 13 снежня. Бяляцкага вывезлі з Беларусі ў Літву.