МЗС Украіны рэкамендаваў украінцам не наведваць Венгрыю

Навіны
Фото: facebook.com/UkraineMFA

Міністэрства замежных спраў Украіны рэкамендавала грамадзянам краіны ўстрымацца ад наведвання Венгрыі. Таксама ўкраінскае знешнепалітычнае ведамства папярэдзіла еўрапейскі бізнес пра рызыкі вядзення спраў у Венгрыі.

“У сувязі з выкраданнем сямі грамадзян Украіны і крадзяжом маёмасці дзяржаўнага банка ў Будапешце Міністэрства замежных спраў рэкамендуе грамадзянам Украіны ўстрымацца ад паездак у Венгрыю ў сувязі з немагчымасцю гарантаваць іх бяспеку на фоне самавольных дзеянняў венгерскай улады”, — гаворыцца ў заяве.

Украінскае МЗС таксама прапануе па магчымасці выбіраць транзітныя маршруты, якія не пралягаюць праз Венгрыю.

“Таксама звяртаем увагу ўкраінскага і еўрапейскага бізнесу на пагрозы самавольнага выкрадання маёмасці на тэрыторыі Венгрыі і рэкамендуем улічваць рызыкі ў кантэксце любой дзелавой актыўнасці ў гэтай краіне”, — дадалі ў МЗС.

Нагадаем, учора ў Венгрыі былі спынены дзве інкасатарскія машыны з сямю грамадзянамі Украіны, якія перавозілі з Аўстрыі ва Украіну буйныя сумы ў валюце і золата. Перавозка ажыццяўлялася паміж аўстрыйскім “Райфайзенбанкам” і ўкраінскім “Ощадбанкам”. У падатковай службе Венгрыі растлумачылі затрыманне расследаваннем аб адмыванні грошай.

Інцыдэнт адбыўся на фоне абвастрэння адносін паміж Будапештам і Кіевам з-за паставак расійскай нафты па “Дружбе”.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны