МЗС Украіны заявіў пра незаконнае затрыманне ў Венгрыі сямі супрацоўнікаў інкасацыі “Ощадбанка”, якія перавозілі замежную валюту і золата паміж Аўстрыяй і Украінай. Інцыдэнт адбыўся 5 сакавіка.
“У Будапешце венгерскія ўлады фактычна ўзялі ў закладнікі сямёх грамадзян Украіны. Прычыны гэтага пакуль невядомыя, гэтак жа як і іх стан або магчымасць звязацца з імі.
Гэтыя сямёра ўкраінцаў з’яўляюцца работнікамі дзяржаўнага “Ощадбанка”. Яны кіравалі двума банкаўскімі аўтамабілямі, якія рухаліся транзітам паміж Аўстрыяй і Украінай і перавозілі наяўныя ў рамках рэгулярнага абслугоўвання паміж дзяржаўнымі банкамі.
Фактычна гаворка ідзе пра тое, што Венгрыя ўзяла закладнікаў і выкрала грошы. Калі гэта тая самая “сіла”, пра якую сёння раней заяўляў спадар Орбан, то гэта сіла злачыннай групоўкі. Гэта дзяржаўны тэрарызм і рэкет”, — гаворыцца ў заяве міністра замежных спраў Украіны Андрэя Сібігі.
Паводле яго слоў, МЗС ужо накіраваў ноту з патрабаваннем неадкладна вызваліць грамадзян Украіны. Украінскі бок таксама мае намер звярнуцца ў ЕС з заклікам даць “выразную прававую ацэнку незаконным дзеянням Венгрыі — захопу закладнікаў і рабаванню”.
Паводле інфармацыі “Ощадбанка”, затрыманыя перавозілі сродкі з аўстрыйскага “Райфайзенбанка”. У аўтамабілях знаходзілася 40 млн долараў, 35 млн еўра і 9 кг золата. Адзначаецца, што дадзеныя GPS паказваюць, што затрыманыя аўтамабілі знаходзяцца ў цэнтры Будапешта каля адной з сілавых структур.
Інцыдэнт адбыўся на фоне ўзмацнення напружанасці паміж Венгрыяй і Украінай вакол паставак па нафтаправодзе “Дружба”. Ён быў пашкоджаны ў выніку расійскага ўдару ў студзені. Венгерскі бок настойвае на тым, што Кіеў не аднаўляе пастаўкі па палітычных, а не тэхнічных прычынах. Раней Будапешт заблакаваў прыняцце 20-га пакета санкцый супраць Расіі, а таксама зацвярджэнне крэдыту для Украіны ў памеры 90 млрд еўра. Дадатковым фонам для супрацьстаяння з’яўляецца выбарчая кампанія ў Венгрыі, дзе ў апытаннях кіруючая партыя прэм’ер-міністра Віктара Орбана пакуль саступае апазіцыі.
