Мытня нагадала пра нюансы правозу праз мяжу лекаў

Навіны
Фото: Volodymyr Hryshchenko / Unsplash.com

Дзяржаўны мытны камітэт нагадаў пра нюансы перасячэння мяжы з вядомымі лекавымі сродкамі.

Як вынікае з паведамлення ДМК, трэба быць уважлівымі пры паездках з такімі лекамі, як Nurofen Plus, Theraflu ND, Корвалол, Трамадол, Феназепам, Gripex, Pseudoephedrine, Lorafen, Solpadein, Cirrus, Sudafed, Relanium, Alprox, Diazepamum.

Яны ўтрымліваюць псэўдаэфедрын, кадэін, трамадол, фенабарбітал, дэкстраметарфан, ларазепам, дыязепам, альпразалам і іншыя падобныя рэчывы, з-за чаго ўзнікае неабходнасць дэклараваць такія лекі і мець пры сабе дазвольныя медыцынскія дакументы на іх.

«Нагадваем, што пры перамяшчэнні праз мяжу лекавых сродкаў, якія ўтрымліваюць наркатычныя або псіхатропныя рэчывы, неабходна запоўніць пасажырскую мытную дэкларацыю і прайсці праз чырвоны калідор пункта пропуску.

Дэклараванне павінна ажыццяўляцца фізічнай асобай, якая выкарыстоўвае сродкі ў медыцынскіх мэтах.

Дазваляецца перамяшчаць прэпараты, што ўтрымліваюць наркатычныя рэчывы, у колькасці, не большай за тыднёвую патрэбу; прэпараты, што ўтрымліваюць псіхатропы — не больш за 90 разовых доз.

Пры гэтым абавязкова трэба мець пры сабе пацвярджальныя медыцынскія дакументы з найменнем леку, яго дазоўкай і колькасцю, неабходнай пацыенту на суткі.

У Беларусі такімі дакументамі прызнаюцца выпіска з медыцынскай дакументацыі пацыента або рэцэпт (копія рэцэпту), завераныя пячаткай і подпісам урача.

Дакументы павінны быць складзены на рускай або беларускай мове, а выдадзеныя на замежнай — суправаджацца завераным перакладам на рускую або беларускую», — гаворыцца ў паведамленні мытні.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны