У беларускіх школах прыняты дадатковыя меры для падтрымання бяспекі. Адпаведнае даручэнне даў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў пасля забойства дзіцяці ў адной з расійскіх школ. МУС таксама паведамляе пра затрыманні.
Начальніку Дэпартамента аховы МУС пастаўлена задача ўзмацніць пільнасць вартаўнічай аховы ў школах і праверыць спраўнасць тэхнічных сродкаў абароны. Асаблівую ўвагу звярнулі на неабходнасць імгненнага рэагавання нарады пры паступленні сігналаў трывогі, паведамляе МУС.
Начальніку Галоўнага ўпраўлення аховы грамадскага парадку і прафілактыкі даручана правесці інструктажы з адміністрацыямі школ па дзеяннях у выпадку надзвычайных сітуацый. Супрацоўнікі інспекцый па справах непаўналетніх павінны правесці індывідуальную працу з вучнямі, якія стаяць на прафілактычным уліку.
МУС таксама заяўляе пра затрыманне трох чалавек за распаўсюд ілжывай інфармацыі пра небяспеку і абяцае жорстка спыняць «любую спробу дэстабілізацыі сітуацыі».
16 снежня ў школе Падмаскоўя 15-гадовы дзевяцікласнік забіў нажом 10-гадовага вучня і раніў ахоўніка.