Міністэрства сувязі і інфарматызацыі апублікавала статыстыку выкарыстання грамадзянамі Беларусі мабільнага роўмінгу ў Расіі. Хаця цалкам яго пакуль так і не ўдалося адмяніць, з сакавіка мінулага года былі ўстаноўлены “камфортныя” тарыфы, якія ўключаюць 150 хвілін уваходных званкоў, а таксама 150 хвілін выходных званкоў і 5 Гбайт трафіку па “хатніх” тарыфах.
Паводле інфармацыі Мінсувязі, у 2025 годзе роўмінгам у РФ скарысталіся 2,9 млн беларускіх грамадзян. Яны атрымалі 27,3 млн хвілін уваходных званкоў, здзейснілі 36,1 млн выходных званкоў, з якіх 28 млн хвілін былі выкананы па хатнім тарыфным плане. Былі адпраўлены 2,1 млн СМС. Беларусы таксама выкарысталі 1,2 млрд мегабайт трафіку.
У выніку за сакавік–снежань 2025 года зафіксаваны рост спажывання ў параўнанні з аналагічным перыядам 2024 года:
- у 3,4 раза – па ўваходных званках;
- у 5,9 раза – па выходных званках;
- у 1,7 раза – СМС;
- у 4,7 раза – перадача даных.
