18 красавіка ў Белавежскай пушчы павінен адбыцца тэхна-рэйв. Мерапрыемства пройдзе ўначы ў сядзібе Дзеда Мароза.
Многіх беларусаў абурыла месца правядзення рэйву. У сацсетках людзі адзначалі, што гучным канцэртам не месца ў нацыянальным парку, тым больш ноччу. Вось некаторыя з каментарыяў:
«Зусім сумлення ў арганізатараў няма? Пакіньце запаведнікі жывёлам!!!»
«Ваш рэйв там недарэчны! Птушкі і жывёлы давалі згоду?»
«Больш месца для рэйву ў Беларусі не знайшлося, толькі рэліктавы лес з рэдкімі відамі?»
«Вы нічога не пераблыталі, арганізатары? Шум узроўню тэхна-рэйву — гэта стрэс для ўсіх дзікіх звяроў: птушкі могуць пакінуць гнёзды, а маленькія жывёлы — сваіх неакрэплых дзіцянят, ад панікі».
7 красавіка адміністрацыя нацпарка паспрабавала апраўдацца. Там заявілі, што нормы прыродаахоўнага заканадаўства ўлічаны, месца фестывалю аддалена ад запаведнай зоны больш чым на 1 км, гук будзе накіраваны ў цэнтр пляцоўкі, а колькасць людзей будзе абмежаваная (700 чалавек).
Тлумачэнні не задаволілі беларусаў. Скаргі, відаць, пасыпаліся ў Міністэрства лясной гаспадаркі. Мінлясгас заявіў, што скаргі паступаюць не па адрасе, бо «Белавежская пушча» падпарадкоўваецца Кіраўніцтву справамі Лукашэнкі.
«ДПУ НП “Белавежская пушча” знаходзіцца ў ведамаснай падпарадкаванасці Кіраўніцтва спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (не Мінлясгаса). Усе звароты Мінлясгасам будуць перанакіраваны для разгляду ў названы орган. Просім грамадзян улічваць гэтую інфармацыю», — заявіла міністэрства.
