Новым міністрам фінансаў Беларусі стаў Уладзіслаў Татарыновіч. Адпаведнае прызначэнне сёння зрабіў Аляксандр Лукашэнка. Да гэтага Татарыновіч быў намеснікам старшыні Савета Рэспублікі. Ён змяніў на пасадзе міністра Юрыя Селіверстава, накіраванага паслом у Расію.
“Ён «грашовы чалавек». Ён добра ведае фінансавую працу. І я так адчуваю, што ўсё ж у парламенце яму некалькі цеснавата. Гэта, магчыма, нават не яго месца і не яго справа. І я падумаў пра тое, што паспрабуем яго на канкрэтнай, але знаёмай яму працы. Ён жа выхадзец цалкам з гэтых грошай — у Міністэрстве фінансаў працаваў”, — ахарактарызаваў Лукашэнка новага міністра.
“Чалавек умее і ведае тэму. Чаму б не скарыстацца яго гэтымі ведамі? Вельмі спадзяюся, што Уладзіслаў Вікенцьевіч, пакуль ён будзе тут працаваць, падрыхтуе добрых вучняў, якія падрастуць побач з ім. І мы заўсёды зможам, калі гэта будзе неабходна, вылучаючы яго на новую пасаду, яго вучням прапанаваць гэтую працу”, — працягнуў ён сваё настаўленне.
Паводле яго слоў, Татарыновіча рэкамендаваў і Селіверстаў.
“Раз станоўча, значыць, чалавек зможа працаваць міністрам фінансаў. Увогуле, грошы ён любіць, умее лічыць іх — дзяржаўныя грошы. І ўпэўнены, што свята будзе берагчы капейку і раскідвацца не будзе гэтымі грашыма”, — сказаў Лукашэнка.
Сапраўды, большая частка кар’еры Татарыновіча звязаная з Мінфінам. Ён працаваў у міністэрстве на розных пасадах. Так, з 2001 года быў начальнікам упраўлення падатковай палітыкі галоўнага ўпраўлення падатковай палітыкі і даходаў бюджэту, з 2009 года — намеснікам міністра фінансаў. У Савет Рэспублікі ён трапіў па квоце Аляксандра Лукашэнкі.
