Міністэрства абароны 26-28 мая праводзіць камандна-штабное вучэнне з органамі ваеннага кіравання, злучэннямі, воінскімі часцямі і арганізацыямі тылавога забеспячэння. Ім кіруе намеснік міністра абароны па тыле генерал-маёр Андрэй Бурдыка.
“Тэма вучэння — кіраванне тылавым забеспячэннем войскаў (сіл) у аперацыі Узброеных Сіл па крызісным рэагаванні. Мэта — дасягненне і падтрыманне патрабаванага ўзроўню навучанасці службовых асоб усіх узроўняў, які дазваляе ім аператыўна вырашаць задачы тылавога забеспячэння аперацыі Узброеных Сіл па крызісным рэагаванні”, — пракаментавалі ў прэс-службе міністэрства.
Да ўдзелу ў вучэнні таксама прыцягваюць ваеннаабавязаных, прызваных з запасу. Будуць адпрацаваныя пытанні тылавога забеспячэння ў аперацыі па крызісным рэагаванні. У рамках вучэння выканаюць комплекс мерапрыемстваў па павышэнні жывучасці аб’ектаў, воінскіх часцей і арганізацый тылу.
“Усе практычныя мерапрыемствы будуць адпрацоўвацца і праводзіцца на аб’ектах тылу ўпершыню”, — дадалі ў міністэрстве.
Трэба адзначыць, што ў сакавіку ўжо адбылася трэніроўка па арганізацыі планавання тылавога забеспячэння. А два тыдні таму прайшло камандна-штабное вучэнне з органамі ваеннага кіравання і часцямі тэхнічнага забеспячэння, тэмай якога было кіраванне сіламі і сродкамі тэхнічнага забеспячэння пры падрыхтоўцы і правядзенні аперацыі па крызісным рэагаванні.