Беларускі Хельсінкскі Камітэт апублікаваў Нацыянальны індэкс правоў чалавека ў Беларусі па выніках 2025 года. Упершыню за 7 гадоў ён не паказаў зніжэння ў параўнанні з папярэднім годам, аднак, як адзначаецца, гэта не азначае, што сітуацыя стабілізавалася. Хутчэй адбіваецца эфект набліжэння да ніжняй мяжы шкалы.
Агульны індэкс у 2025 годзе склаў 2,4 бала з 10 — столькі ж, колькі годам раней. Аўтары даследавання адзначаюць, што з 2019 года паказчык штогод зніжаўся: на адзін бал у 2019–2020 гадах, на 0,4 бала ў 2021 годзе, на 0,2 — у 2022-м і па 0,1 бала ў 2023 і 2024 гадах.
Пры гэтым колькасць індыкатараў, якія атрымалі мінімальную ацэнку — адзін бал з дзесяці, — вырасла амаль у 6 разоў: з 6 у 2019 годзе да 37 у 2025-м. Паводле ацэнкі экспертаў, гэта сведчыць пра паглыбленне рэпрэсіўных практык і далейшае звужэнне прасторы для рэалізацыі нават базавых правоў чалавека.
У 2025 годзе знізіліся ацэнкі пяці правоў: права на жыццё, свабоду думкі, сумлення і рэлігіі, адукацыю, сацыяльнае забеспячэнне і ўдзел у культурным жыцці. Найбольш прыкметнае пагаршэнне зафіксавана ў сферы культурных правоў: паказчык недыскрымінацыйнага доступу да культурнага жыцця страціў 0,5 бала, што з’яўляецца найбуйнейшым адзінкавым зніжэннем сярод усіх індыкатараў Індэкса. Права на адукацыю, як адзначаецца, пагоршылася па ўсіх пяці сваіх кампанентах, што сведчыць пра сістэмны характар змен.
Хоць выніковыя ацэнкі большасці астатніх правоў фармальна не змяніліся, унутры іх пагоршыліся 98 з 290 ацэньваных індыкатараў. Аўтары тлумачаць, што сярэдняя ацэнка права можа заставацца нязменнай, нават калі значная частка яго складнікаў дэманструе адмоўную дынаміку.
Разам з тым даследаванне зафіксавала 5 кропкавых паляпшэнняў асобных паказчыкаў, у тым ліку пашырэнне вакцынацыі супраць віруса папіломы чалавека і новыя меры па абароне права на працу людзей з інваліднасцю. Аднак ніводнае з гэтых змяненняў не паўплывала на выніковую ацэнку адпаведных правоў.
Эксперты таксама звяртаюць увагу, што асобныя парушэнні адначасова закранаюць некалькі правоў. У якасці прыкладу прыводзіцца прымусовае выдварэнне за межы Беларусі памілаваных палітычных зняволеных, якое, паводле ацэнкі аўтараў Індэкса, негатыўна паўплывала адразу на паказчыкі права на жыццё, свабоду і асабістую недатыкальнасць, забароны катаванняў, права на справядлівы суд і права на ўдзел у культурным жыцці.
Нацыянальны індэкс правоў чалавека публікуецца з 2019 года. У яго падрыхтоўцы за 2025 год узялі ўдзел больш за 35 экспертаў. Даследаванне ацэньвае сітуацыю паводле 290 колькасных індыкатараў, аб’яднаных у тры блокі: грамадзянскія і палітычныя правы, сацыяльныя і эканамічныя правы, а таксама агульныя меры ў галіне правоў чалавека. У 2024 годзе Індэкс быў адзначаны ў штогадовай справаздачы Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека як важны інструмент ацэнкі адпаведнасці нацыянальнага заканадаўства, палітыкі і практыкі міжнародным стандартам у сферы правоў чалавека.